Беларускі дакументаліст Андрэй Куціла атрымаў гран-пры на фестывалі ў Польшчы

Так быў ушанаваны фільм «Кветкі не маўчаць», які год таму быў прызнаны лепшым дакументальным фільмам на Варшаўскім кінафестывалі. Зараз узнагарода адбылася на фестывалі медыяў «Чалавек у небяспецы», які праводзіцца ў горадзе Лодзь, піша тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд».

Вось як сам аўтар пракаментаваў падзею ў фейсбуку:

«Дзякуй яшчэ раз усім героям стужкі, усёй камандзе, усім хто спрыяў і дапамагаў, асабліва мастацкаму кіраўніку Jacek Blawut, журы і гораду Лодзь. Увесь вечар журналісты і рэжысёры выказвалі толькі адно — спадзяванне, што праз год мы будзем размаўляць/здымаць не пра вайну ці дыктатуры, а пра змены, трансфармацыю і адбудову… Крыху наіўна, канешне, бо наступствы, траўмы — гэта на ўсё жыццё. Аднак здымаць пра гэта як пра „мінулае“ ўсе мы прагнем у мірны час».

«Кветкі не маўчаць» прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы 2020 года, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі.

Паводле budzma.org