
Беларуская палітык і грамадзкая дзяячка Марыя Калесьнікава атрымала Міжнародную прэмію Карла Вялікага ў нямецкім Ахене асабіста на ўрачыстай цырымоніі 14 сакавіка 2026 году.
Міжнародную прэмію Карла Вялікага прысудзілі Калесьнікавай яшчэ ў 2022 годзе за яе ўнёсак у барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Тады прэмія была прысуджаная Cьвятлане Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Вераніцы Цапкале — за «ўнікальны прыклад барацьбы супраць дыктатуры, прыгнёту і беззаконьня». На той момант Марыя была ў зьняволеньні ў Беларусі і не магла прысутнічаць на ўручэньні. Узнагароду атрымала ад яе імя сястра — Тацяна Хоміч.
13 сьнежня 2025 году Калесьнікава выйшла на волю пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня. Пасьля яе вызваленьня арганізатары вырашылі правесьці асобную ўрачыстасьць, каб уручыць прэмію асабіста.
Цырымонія адбылася ў Каранацыйнай зале ратушы ў горадзе Ахен, паведамляе інфармацыйнае агенцтва AP.
Урачыстасьць арганізавалі Фундацыя Ахенскай міжнароднай прэміі Карла Вялікага і гарадзкія ўлады Ахену.

Прэмію Карла Вялікага уважаюць за адну з найбольш прэстыжных эўрапейскіх узнагародаў. Яе прысуджаюць людзям і арганізацыям, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё эўрапейскага адзінства, дэмакратыі і правоў чалавека.
