
Літоўскія памежнікі 16 сакавіка 2026 году разьвярнулі 15 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу з Беларусьсю.
Пра гэта паведаміла ў аўторак 17 сакавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Як піша BNS, мігрантаў разьвярнулі на мяжы пасьля амаль месячнага перапынку ў такіх інцыдэнтах. Апошні раз дваіх мігрантаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы мяжу, не прапусьцілі ў Літву 26 лютага.
Тым часам латвійскія памежнікі ў панядзелак 16 сакавіка разьвярнулі 45 мігрантаў, а ў Польшчы ў нядзелю спробаў перасячэньня мяжы не зафіксавана.
Сёлета ў Літву не было прапушчана 52 нелегальныя мігранты. У мінулым годзе было зафіксавана больш за 1,6 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня ў краіну з Беларусі, годам раней гэтая лічба складала 1002.
Наплыў мігрантаў ва ўсходнія краіны Эўразьвязу зь Беларусі пачаўся ў 2021 годзе, Захад абвінавачвае ў яго арганізацыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
