
У новым выпуску ТОКу Віктар Бабарыка пракаментаваў матывы, якія маглі падштурхнуць фігурантаў справы Белгазпрамбанка даць супраць яго паказанні і пайсці на здзелку са следствам.
Разам з Віктарам Бабарыкам па «справе Белгазпрамбанка» праходзілі яшчэ сем чалавек. Шэсць з іх заключылі дасудовыя пагадненні са следствам, прызналі віну і далі паказанні супраць яго. Чаму так адбылося?
«[У маёй сітуацыі] гэта быў мой выбар [ісці ў прэзідэнты]. У іх гэта не іх выбар. (…) У іх ёсць падставы лічыць мяне вінаватым у тым, што з імі здарылася. Гэта добры матыў для таго, каб даць паказанні супраць мяне».
Сам жа сябе ён не вінаваціць у тым, што зрабіў.
«Я зрабіў тое, што лічыў патрэбным. Таму ў мяне няма пачуцця віны. Безумоўна, ёсць пачуццё адказнасці. Але гэта не пачуццё віны».
Другім важным фактарам, які мог паўплываць на фігурантаў справы, на думку Бабарыкі, стаў ціск з боку сілавікоў:
«У кагосьці затрымлівалі дзяцей. Кагосьці не пускалі да доктара. Камусьці абяцалі, што яго смяротныя хваробы застануцца без якіх-небудзь [лекаў]. Было шмат рэчаў, якія фактычна прымушалі людзей рабіць тое, што яны рабілі. У гэтым сэнсе я магу сказаць, што сістэма Камітэта дзяржаўнай бяспекі з пункту гледжання псіхалагічнага ціску вельмі дасканалая.
І калі гэта накладаецца на разуменне таго, што ты апынуўся ў гэтай сітуацыі не па сваёй волі, а нібыта з-за кагосьці іншага, то гэта, напэўна, і падштурхоўвае людзей рабіць тое, што яны робяць».
Адказваючы на пытанне, ці лічыў ён гэтых людзей сваімі сябрамі, суразмоўца адзначыў, што ўспрымаў іх найперш як калег.
«Паняцце «сябар» для мяне вельмі складанае. Я не магу назваць іх сваімі сябрамі. Мы — калегі. І ў гэтым сэнсе для мяне вельмі важны момант: ніводзін з іх са мной у маёй лазні не парыўся. Мы парыліся [разам з імі] ў лазнях, але ў мяне дома не было ніводнага з іх. Гэта шмат што значыць».
На пытанне, ці падаў бы ён ім руку, Віктар Бабарыка адказаў станоўча, дадаўшы:
«На жаль, яны мне не працягнулі».
Нягледзячы на гэта, ён кажа, што захоўвае павагу да гэтых людзей. Разам з тым дадае:
«Я з высокай ступенню ўпэўненасці магу сказаць, што яны разумеюць: з пункту гледжання маралі яны не змогуць сваім унукам растлумачыць, чаму яны гэта зрабілі, каб не страціць павагу сваіх унукаў».
