Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія

Беларусы ва Украіне запусцілі сайт для ўкраінцаў. Анлайн-праект называецца «Твій сусід». Асноўная тэматыка – што ж насамрэч адбываецца ў Беларусі. Аўтарка ідэі праекта – мастачка Віялета Майшук, а дапамагае ёй ствараць анлайнавую пляцоўку актывіст, з якім яны ў 2020 годзе вымушаныя былі праз палітычны пераслед рэлакавацца з Гомеля, Дзмітрый Лукомскі. «Радыё Ўнэт» даведалася ў стваральнікаў, што выклікала ідэю стварыць гэты сайт, яго канцэпцыю і адкуль такая назва.

Сайт «Твій сусід» запусціўся зусім нядаўна. Калі вы на яго заходіце, то адразу трапляеце на тэкст-зварот да ўкраінцаў ад імя беларусаў, які пачынаецца радкамі «Привіт! Я твій сусід із Білорусі. Ми так давно дружимо з тобою! А ти так мало знаєш про мене». Менавіта каб зменшыць адлегласць няведання ўкраінцаў пра Беларусь і беларусаў, асабліва што тычыцца сітуацыі апошніх гадоў, і ствараўся гэты сайт.

«Жывучы ва Украіне ўжо два гады, мы сутыкнуліся з тым, што шматлікія людзі не ведаюць, што ў нас адбывалася ў Беларусі, якія ў нас пратэстныя настроі былі, які ўзровень рэпрэсіяў у Беларусі, чаму ў нас людзі не выходзілі на мітынгі. Людзі проста не ведалі, што ў нас адбываецца», – гаворыць аўтарка ідэі сайта, мастачка Віялета Майшук пра тое, што падштурхнула яе да такой ідэі.

А ейны памочнік у стварэнні сайта «Твій сусід» Дзмітрый Лукомскі ўдакладняе канцэпцыю рэсурса:

«Вельмі часта задаюць адныя і тыя ж пытанні. То бок, частка насельніцтва ведала, што адбывалася, але ведала павярхоўна. Яны бачылі, сачылі за падзеямі ў Беларусі. Аб пратэстах шмат хто ведаў нейкія простыя рэчы. Там, як беларусы разуваюцца, становячыся на лаўку і пра тое, што былі жорсткія нейкія супрацьстаянні і пра тое, што людзей жорстка збівалі, катавалі. Але ўсё роўна не такая вялікая колькасць людзей пра гэта ведала цалкам. У людзей заставалася ўсё роўна шмат унутраных пытанняў. І з гэтага стала зразумела: ну няма інфармаванасці.

Калі ўжо вайна пачалася ў 2022 годзе, мы вырашылі зрабіць нейкую такую інфармацыйную кампанію, якая б адказала ўкраінцам на іхнія гэтыя пытанні – чаму ў Беларусі адбываецца вось так, чаму з Беларусі запускаюцца расійскія ракеты, чаму ўвогуле расійцы ў Беларусі, што яны там робяць і чаму яны ўвайшлі. Мы заўжды ім адказваем, што гэта расплата Лукашэнкі за тое, што ён утрымаўся ва ўладзе. Зараз ужо, азіраючыся назад, мы разумеем, што Лукашэнка, магчыма, і не ўтрымаўся б без дапамогі Крамля.

І ў людзей ва Украіне за гэты час, асабліва пачатак самы, зразумела ж, была крыўда нейкая, неразуменне: яны Беларусь расцэньвалі як надзейнага партнёра, які дакладна не прапусціць расійскія войскі, хаця гэта і было слепа, мы пра гэта шмат каму казалі. І тое, што людзі насамрэч, у нас выходзяць, і выходзілі на пратэсты, і неяк супрацьдзейнічаюць. Але ўзровень рэпрэсіяў, які ёсць зараз у Беларусі, настолькі высокі, што гэта проста, можна сказаць, па-дурному часам, рабіць нейкія такія жэсты, якія хочуць бачыць іншыя краіны ці ўкраінцы.

І менавіта гэтая інфармацыя пра палітвязняў, пра тое, за што канкрэтна гэтыя палітвязні атрымалі тэрмін, яна часта шакуе людзей. Нават проста ў размовах мы заўважалі, што калі ты стасуешся і адказваеш на нейкія пытанні ды кажаш, што там якомусьці 17-гадоваму хлопцу за фотаздымак КАМАЗу, які праязджае Гомелем ці нейкім іншым рэгіёнам краіны, далі там 5 – 10 гадоў (калоніяў), ён зазнаў яшчэ катаванні, то іх гэта шакуе.

Таму мы вырашылі такой дасяжнай, простай мовай паказаць, патлумачыць. І прапануем пашыраць гэтую інфармацыю, каб іншыя бачылі і адказвалі на свае пытанні.

Назва ўзялася не з ніадкуль. Хаця, сама па сабе назва праекта была прыдумана спантанна, банальна, але там яшчэ закладзены і сэнс. У нас тут у Львове ёсць сусед, з якім мы стасуемся, і ён увесь час таксама цікавіцца падзеямі ў Беларусі, увогуле намі, як беларусамі. І шторазу, калі мы яго бачым, ён кажа: «Привіт, сусід!», «Привіт, сусід!». І, калі Віялета рабіла гэты праект, ёй трэба было зрабіць нейкае апісанне, і яна папрасіла мяне ў гэтай справе дапамагчы і сама назва Твій сусід, плюс гэты сусед, прывялі да таго, што мы зрабілі вось гэтае апісанне: «Привіт! Я твій сусід із Білорусі…» і далей мы распавядаем як бы тэт-а-тэт, як сусед суседу, што адбываецца, як і навошта».

Віялета Майшук дадае, што сайт можа быць карысны не толькі ўкраінцам, але і беларусам. Напрыклад, вось з такой мэтай:

«За час жыцця ва Украіне мы не сутыкаліся ўжывую з хэйтам. Але ў інтэрнэце вельмі шмат з гэтым сутыкаемся. І, калі прааналізаваць старонкі хэйтараў, якія пакідаюць каментары, дык можна зразумець, што гэта боты і тролі. У іх старонкі пустыя, без сяброў, без фотаздымкаў. І спрачацца з імі часцяком бессэнсоўна, а часам і сабе даражэй. Я рэкамендую, калі вы бачыце хэйт, проста скіньце спасылку на сайт і тады пытанняў стане меней. А яшчэ не забывайцеся ў любых варунках умыкаць крытычнае мысленне!»

Цалкам сюжэт пра сайт «Твій сусід» слухайце ў плэеры ніжэй:

radiounet.fm