Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Чэхіі

Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам у Празе 16 сакавіка. Фота: www.facebook.com / OfficeBLRinCZE

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам у Празе 16 сакавіка. Пра гэта паведамляе офіс беларускіх дэмсілаў у Чэхіі.

У паведамленні гаворыцца, што Алесь Бяляцкі падкрэсліў ключавое значэнне міжнароднага падтрымання дэмакратычных сілаў Беларусі – неабходная сістэмная дапамога грамадзянскай супольнасці, незалежным медыям і тым, хто, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, не здаецца дзеля вольнай будучыні сваёй краіны. Таксама ён адзначыў ролю санкцыяў як важнага інструменту ціску на менскія ўлады.

На сустрэчы абмяркоўвалася дапамога палітвязням і магчымасць аднаўлення праграмы MEDEVAC czech, дзякуючы якой былыя палітвязні маглі б атрымліваць медычную дапамогу.

Бяляцкі падкрэсліў, што беларусы не падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны. І хоць шмат хто маўчыць праз страх і рэпрэсіі, імкненне людзей да свабоды і еўрапейскіх каштоўнасцяў застаецца нязменным, перакананы праваабаронца.

Паводле яго, будучыня дэмакратычнай Беларусі залежыць ад міжнароднай салідарнасці і падтрымання дэмакратычных краінаў.

Арсен Рудэнка, belsat.eu