Не сумна, а натхняльна. Мажэйка пра тое, за чым сочыць на выбарах у Каардынацыйную раду

Слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года. Фота: Белсат

Кіраўнік Інстытуту даследаванняў бяспекі імя Касцюшкі Вадзім Мажэйка ў эфіры «Студыі «Белсат» пракаментаваў працэс падачы заяваў на рэгістрацыю выбарчых спісаў на выбарах у Каардынацыйную раду чацвёртага склікання.

На гэты момант, сказаў Вадзім Мажэйка, яму цікава, якія выбарчыя спісы падаюць заяўкі на рэгістрацыю.

«Мне асабіста цікава як палітычнаму аналітыку ўбачыць тое, што самая моцная кааліцыя – Каманда Паўла Латушкі і рух «За свабоду» – і новай, і старой апазіцыі, што гэтая кааліцыя атрымалася і ідзе ўжо на другія выбары», – адзначыў ён і дадаў, што такім чынам «парламентарызм вучыць кааперавацца».

Таксама аналітыку цікава, ці ўдасца аб’яднацца розным плыням Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і скласці супольны спіс (на мінулых выбарах яны ішлі асобнымі блокамі). Таксама, паводле Мажэйкі, на гэтыя выбары ідзе пасля рэбрэндынгу Аб’яднаная грамадзянская партыя як Аб’яднаная дэмакратычная кааліцыя.

«Мае быць сапраўды цікава. Я ўжо назіраю і думаю, за каго ж галасаваць, бо рэальна ёсць розныя цікавыя напрамкі, а не ўсё сумна. Так што натхняльна, прынамсі для мяне», – падкрэсліў Мажэйка.

Заяўкі на ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду ўжо падалі Каманда Латушкі і рух «За свабоду». Яшчэ адзін спіс – «Еўрапейскі выбар», на чале з Валерам Мацкевічам, кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага кабінету – не быў зацверджаны праз нястачу мужчынаў у спісе кандыдатаў.

Выбары маюць адбыцца з 11 да 17 траўня.

Валер Руселік, Юлія Лабанава, Якуб Хруст, belsat.eu