Кавалеўскі жорстка крытыкуе Офіс Ціханоўскай за палітвязьняў

Каляж.

Ці чуе адміністрацыя Трампа голас беларускай грамадзянскай супольнасьці? Ці дэмакратычныя сілы неяк уплываюць на вызваленьні палітвязьняў і якая іх цяпер роля і задачы, калі Вашынгтон і Менск кажуць пра паляпшэньне адносін.

Пра гэта на «Радыё Свабода» разважае кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.

Паводле Кавалеўскага, беларуская апазыцыя не ўплывае на працэс вызваленьня палітвязьняў, бо няма наўпроставага ўдзелу ў кансультацыях.

«Амэрыканцы не прыходзяць да беларускіх дэмсілаў за нейкімі падказкамі, парадамі. І наша Кааліцыя за вызваленьне палітвязьняў у Беларусі таксама мае магчымасьць сустракацца з удзельнікамі перамоўнага працэсу, інфармаваць іх пра сытуацыю ў Беларусі, даваць рэкамэндацыі. Але тое, ці будуць яны гэтым карыстацца, залежыць выключна ад іх. Тут трэці бок будзе абсалютна лішні ў гэтым працэсе. Мы бачым, якая была эвалюцыя ў Офіса Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінэта датычна амэрыканскага трэка. Напачатку яны былі катэгарычна супраць, яны былі ў роспачы, разгубленыя. Бо тая формула, якой карыстаюцца амэрыканцы, супярэчыць іхнай – ізаляцыя, ціск і непрызнаньне. Адно тое, што трэба размаўляць зь беларускімі дыпляматамі – гэта ўжо разбурэньне ізаляцыі. Тое, што трэба ехаць да Лукашэнкі і паціскаць яму руку – абнуляе палітыку непрызнаньня. Адмена санкцый – гэта таксама аргумэнт, які разбураны цалкам. А ўсё гэта неабходна для таго, каб людзі выходзілі на свабоду. І калі я сёньня чую ад Офісу заявы, што гэта яны ўсяго дамагліся і падтрымліваюць такую палітку, то любы чалавек можа адказаць, дзе тут выдумка, а дзе фантазія, і спроба прысабечыць вынікі, якія табе не належаць». – кажа Кавалеўскі.

svaboda.org