
Калі эканоміка Беларусі будзе разьвівацца гэтаксама, як апошнія 30 гадоў, разрыў паміж беларускім і польскім дабрабытам можа павялічыцца ўдвая. Зламаць гэтую тэндэнцыю можа толькі эўраінтэграцыя Беларусі, — кажа ў гутарцы з «Радыё Свабода» эканаміст, старшы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Зьміцер Крук.
Сьцісла
- Беларусь ня трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў разьвіцьця, яе завялі ў гэтую пастку.
- Узор, пункт адліку для Беларусі — гэта яе суседзі, краіны Цэнтральнай Эўропы, якія эканамічна разьвіваюцца больш дынамічна, чым Беларусь.
- Мадэль разьвіцьця эканомікі да канца стагодзьдзя паказвае, што ў выпадку эўраінтэграцыі Беларусь у дабрабыце дагоніць Польшчу, пры інэрцыйным жа разьвіцьці яе дабрабыт складзе траціну ад польскага.
- Пры інэрцыйным разьвіцьці суадносіны дабрабыту Беларусі і Расеі будуць прыкладна такімі ж, як сёньня.
Пастка нізкіх тэмпаў разьвіцьця, у якую Беларусь завялі

— Вы даволі даўно выказалі думку пра тое, што з пачатку 2010-х гадоў Беларусь трапіла ў пастку нізкіх тэмпаў росту эканомікі. Паводле дадзеных Усясьветнага банку, тэмп росту эканомікі Беларусі быў ніжэйшы, чым у ладнай часткі краінаў ЭЗ, прычым ня толькі такіх, як Польшча і Літва, але і Баўгарыі, і Румыніі. Але ў параўнаньні зь сярэднім тэмпам росту ўсяго ЭЗ — дык яно і някепска выглядае, прыкладна столькі ж. Дык мо ня так усё і драматычна?

— Калі мы разважаем пра Беларусь, я б, магчыма, нават унікаў слова «пастка», бо гэта не Беларусь у яе трапіла — Беларусь завялі ў гэтую сытуацыю нізкіх тэмпаў росту. У нашай сытуацыі нізкі рост эканомікі — абсалютна штучная рэч. Гэта перш за ўсё штучныя бар’еры на шляху пераразьмеркаваньня працоўнай сілы і капіталу паміж галінамі эканомікі.
Параўноўваць Беларусь з усім Эўразьвязам не выпадае. Эканамічны рост — такая рэч, што калі ты бедны, табе хутка расьці значна прасьцей. У нас фундамэнтальныя перадумовы для росту даволі добрыя і нас варта параўноўваць з нашымі суседзямі ў Эўразьвязе. Іхныя тэмпы росту — гэта для нас узор. А паколькі Беларусь бяднейшая і за іх, то мы павінны разьвівацца хутчэй за іх, з штогадовым тэмпам прыкладна 4–5%. Для нас арыентыр — ня ўвесь ЭЗ, а нашыя суседзі і ў цэлым Усходняя і Цэнтральная Эўропа.

— Больш дынамічна, чым беларуская эканоміка, разьвіваюцца эканомікі многіх іншых краін сьвету, прычым ня толькі дэмакратычных. І ня толькі камуністычныя Кітай і Віетнам, але і ня надта дэмакратычныя Банглядэш, Узбэкістан, Расея і Казахстан. Чаму тамтэйшыя аўтарытарыі могуць, а беларускі — ня надта?
— Я ўжо казаў, што бяднейшыя краіны пры астатніх роўных умовах растуць хутчэй. У канцы ХХ стагодзьдзя і ў першыя 20 гадоў ХХІ стагодзьдзя вельмі хутка разьвіваліся краіны, якія мелі танную працоўную сілу і былі ўбудаваныя ў сусьветную эканоміку. Гэта былі моцныя драйвэры для краін Паўднёвай Азіі. Для Кітаю гэта ўжо менш актуальна, а для такіх краін, як Банглядэш і Віетнам, актуальна і дагэтуль.
Што тычыцца параўнаньня з Расеяй, то больш дынамічны рост эканомікі, чым у Беларусі, там быў толькі ў кароткіх прамежках часу. Расеі, калі глядзець на зьвесткі з 1992 году, асабліва няма чым хваліцца.
Што тычыцца Казахстану, то там ёсьць нафта, і трэба сказаць, што яны някепска ёй распараджаюцца. Пры гэтым улады Казахстану, нягледзячы на абсалютна недэмакратычны рэжым, разьвівалі чалавечы капітал, у іх шмат праграмаў навучаньня сваіх элітаў у заходніх краінах і выкарыстаньня найлепшых сусьветных практык.
Яшчэ цікавы выпадак — Узбэкістан. Да сьмерці Іслама Кірымава там сытуацыя з гледзішча тэмпаў росту эканомікі была вельмі падобная на тую, якая была ў Беларусі, але апошнімі гадамі, пасьля прыходу да ўлады Шаўката Мірзіёева, там рост значна паскорыўся. Гэта, напэўна, адзін з аптымістычных прыкладаў, калі, нягледзячы на працяглую стагнацыю, можна ня страціць свой патэнцыял.
З кім варта параўноўваць Беларусь?

— Вы ўжо казалі, што бедным краінам прасьцей забясьпечваць высокія тэмпы росту эканомікі. Некаторыя эканамісты сьцьвярджаюць, што з пачатку стагодзьдзя назіраецца ўсясьветная тэндэнцыя: эканомікі больш заможных краін растуць больш павольна, чым эканомікі бяднейшых, разрыў паміж беднымі і багатым скарачаецца.
Мо тое, што вы называеце беларускай пасткай нізкіх тэмпаў, — проста праява гэтай глябальнай тэндэнцыі? Скажам, у Эўропе больш павольна, чым Беларусь, разьвіваліся эканомікі Нямеччыны, Францыі, Італіі, Гішпаніі — старой багатай Эўропы. Можа, і Беларусь проста апынулася ў тым жа трэндзе?
— Мой адказ — не. Тут пытаньне, з кім Беларусь параўноўваць. Калі з Узбэкістанам, Таджыкістанам, нават Расеяй, дык мы сапраўды выглядаем вельмі някепска. Але калі зважаць на геаграфічнае становішча, на характарыстыкі чалавечага капіталу, дык у нас больш блізкасьці і падабенства з Эўропай, мы арганічна ёсьць часткай Эўропы. Мне здаецца трапным параўноўваць Беларусь з Польшчай і Літвой. Яны, як і мы, бяднейшыя за краіны Заходняй Эўропы, але разьвіваюцца значна больш дынамічна, чым і Заходняя Эўропа, і Беларусь.

— У 2024 годзе ЗША ў суадносінах ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупной здольнасьці былі прыкладна ў 3 разы багацейшыя за Беларусь. А Кітай — на 20% бяднейшы, чым Беларусь. Як жа Кітай, бяднейшы за Беларусь, змог стаць другой звышдзяржавай сьвету?
— Тут варта прыгадаць думку Ўінстана Чэрчыля, што дэмакратыя — найгоршая форма кіраваньня, але іншыя — яшчэ горшыя. Гэтаксама з вымярэньнем багацьця і дабрабыту.
Мы карыстаемся паказьнікам ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупной здольнасьці проста таму, што лепшага няма. Але насамрэч і гэты паказьнік можа ўводзіць у зман. Якая сытуацыя з Кітаем? Зь ім, як той казаў, памер мае значэньне. Кітай — вельмі вялікая эканоміка, прычым даволі багатая. І яны могуць дазволіць сабе разьвіваць тыя галіны, якіх ня можа разьвіваць малая эканоміка нават з большым ВУП на душу насельніцтва. Маю на ўвазе і штучны інтэлект, і біятэхналёгіі — прарыўныя рэчы, якія фактычна ствараюць падмурак далейшага разьвіцьця.
— Наколькі я разумею, нават такі наш рэгіянальны «тыгр», як Польшча, шмат чаго з гэтага сабе дазволіць ня можа, нягледзячы на свае высокія тэмпы разьвіцьця?
— Так. Найбагацейшыя краіны адпаведна ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ — Сынгапур і Люксэмбург. Але іх эканомікі не назавеш самымі магутнымі ў сьвеце. Самая магутная — гэта ЗША. І Кітай. Там вялікае, гіганцкае насельніцтва, а сярэдні тэмп штогадовага росту насельніцтва за апошнія 35 гадоў большы за 8%. І там сапраўды пэўны парадокс: людзі бедныя (адносна), а краіна эканамічна магутная.
Як будзе разьвівацца Беларусь да канца стагодзьдзя?

— Зьміцер, вы нядаўна апублікавалі артыкул з аналізам розных сцэнароў разьвіцьця Беларусі да канца стагодзьдзя. І параўноўваеце там Беларусь з Польшчай у тым самым паказьніку — ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ.
У 1992 годзе яны былі, паводле яго, амаль на адным узроўні. У 2024 годзе ў Беларусі гэты паказьнік складаў ужо дзьве траціны ад польскага. Вашыя прагнозы на 2098 год — ад сцэнару, калі Беларусь дагоніць Польшчу, да сытуацыі, калі гэты беларускі паказьнік будзе складаць толькі траціну ад польскага: ад чаго залежыць, адпаведна якому сцэнару пойдзе разьвіцьцё?
— Гэта не зусім прагназаваньне. Я б назваў гэта сымуляцыяй ці праекцыяй. Гэта даволі простая мадэль, якая працуе пры дапушчэньні розных уводных — як будзе мяняцца колькасьць насельніцтва, тэхналягічны прагрэс і гэтак далей. Мая публікацыя, пра якую вы гаворыце і зь якой узяты графік — частка шырэйшага праекту. У межах гэтага праекту мы вывучаем пэрспэктывы эўраінтэграцыі Беларусі.
— Я бачыў, Аляксандар Кныровіч ужо апавядаў пра частку гэтага дасьледаваньня. Вы там палічылі, колькі Беларусі будзе каштаваць адрыў ад Расеі.
— Я хачу патлумачыць крытыкам. Мы ня зьехалі з глузду, мы ня кажам, што заўтра Беларусь стане краінай Эўразьвязу, мы проста хочам увесьці ў абарот — не палітычны, а навуковы — гэтую ідэю, хочам вымераць цану, набыткі і страты гэтага сцэнару.
Якая наша матывацыя? Яна ў тым, што калі Беларусь і яе заходнія суседзі будуць расьці тымі ж тэмпамі, якімі расьлі апошнія 25 гадоў, то вынік будзе жахлівы. Калі ўсё пойдзе інэрцыйна, гэтак, як ішло з пачатку стагодзьдзя, то цяперашнія дзьве траціны ад польскага дабрабыту, якія мае Беларусь, да канца ХХІ стагодзьдзя ператворацца ў траціну.
І другое, што мы паказваем, — што прывязваньне да новага «якара» у выглядзе Эўразьвязу на сёньня выглядае адзінай магчымасьцю пераадолець гэтае наканаваньне нізкіх тэмпаў росту эканомікі, прымусіць беларускую эканоміку расьці шпарчэй.
Дарэчы, нават у гэтым выпадку страчаны час апошніх 30 гадоў ня пройдзе бясьследна і нават у найлепшым выпадку мы выйдзем на польскі ўзровень недзе да 2100 году. Паводле нашай экстрапаляцыі, калі Беларусь будзе разьвівацца інэрцыйна, то сёньняшняга ўзроўню дабрабыту Польшчы мы дасягнем недзе ў 2060-я гады.
— Я так зразумеў, што ў вашай сымуляцыі вы дапушчаеце, што Польшча і далей будзе разьвівацца гэтак жа дынамічна, як апошнія 30 гадоў. Але гэта ж ня факт. Скажам, нямецкая эканоміка пасьля 1948 году пёрла як на дражджах. Бо была ўся разгромленая вайной, перла зь вельмі нізкай базы. А зараз ня вельмі прэ. Апошнія 30 гадоў перла польская эканоміка. Але нічога вечнага няма ў сьвеце. Яна можа стаць занадта багатай ці ўжо стала, каб разьвівацца гэтак жа шпарка.
— Цалкам імаверна, што так і будзе. І таму я не называю сваю мадэль прагнозам, гэта хутчэй экстрапаляцыя існых тэндэнцыяў. Я выкарыстоўваю вядомую мадэль Усясьветнага банку LTGM (Long-Term Growth Model). Там бярэцца некалькі паказьнікаў, сярод якіх сярэдні тэмп росту за апошнія 20 гадоў, і лічыцца, што будзе ў будучыні, калі ўсё пойдзе так, як ішло. Але я ўвёў у мадэль іншыя фактары ў выглядзе эўраінтэграцыі Беларусі. І яна дае больш дынамічны рост. Я ў прынцыпе згодны з вамі, што тэмп росту эканомікі Польшчы можа запаволіцца ў 2040–2050 гадах. Але Польшчы ўзроўнем дабрабыту яшчэ ёсьць каго даганяць у сваім рэгіёне — у Эўропе.
— Вы казалі, што, на ваш погляд, узор, пункт адліку і параўнаньня для Беларусі — гэта Эўропа. Але ўсё ж калі зрабіць падобную сымуляцыю ў параўнаньні ня з Польшчай, а, скажам, з Расеяй ці Казахстанам? Яны крыху больш заможныя, чым Беларусь, і тэмпы росту там апошнія 10 гадоў былі крыху вышэйшыя, чым у Беларусі.
— Казахстан, хутчэй за ўсё, будзе ад нас адрывацца. Што тычыцца параўнаньня з Расеяй, то ў міжнародным асяродзьдзі эканамістаў наконт Беларусі віруе такі горкі жарт, які ўжо і не зусім жарт: «А навошта неяк адмыслова прагназаваць тэмп росту эканомікі Беларусі? Спрагназуйце тэмп росту эканомікі Расеі і дадайце ці адыміце пару доляў адсотку — вось і атрымаеце дакладны прагноз тэмпу росту беларускай эканомікі».
Самае сумнае, што апошнімі гадамі гэтае правіла спраўджваецца амаль штогод. Зараз беларуская эканоміка, на жаль, прывязаная да Расеі. Таму, калі мы зробім экстрапаляцыю на падставе цяперашняга стану, то выснова — у Беларусі будуць прыкладна такія ж тэмпы росту, як і ў Расеі, і суадносіны дабрабыту будуць такімі ж, як сёньня, і празь дзесяцігодзьдзі. Павольны рост беларускай эканомікі зараз — у значнай ступені вынік таго, што яна прывязаная да расейскай, якая расьце таксама павольна.
