
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны расцанілі інфармацыю Ўкраіны аб плянах Расеі разгарнуць у Беларусі станцыі кіраваньня бесьпілётнікамі далёкага дзеяньня, як сьведчаньне разьвіцьця расейскага вайсковага патэнцыялу на беларускай тэрыторыі ня толькі для падтрымкі вайны супраць Украіны.
«Расея плянуе пашырыць сваю сталую прысутнасьць у Беларусі. ISW працягвае ацэньваць, што Расея дэ-факта анэксавала Беларусь і што Беларусь зьяўляецца саюзьнікам у вайне Расеі супраць Украіны. Расея, імаверна, працягне разьвіваць свой вайсковы патэнцыял у Беларусі для падтрымкі сваіх ваенных апэрацый ва Ўкраіне і стварэньня ўмоў для выкарыстаньня Беларусі ў патэнцыйнай будучай вайне з NATO», — адзначаецца ў справаздачы амэрыканскага інстытуту за 23 сакавіка.
23 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея плянуе разьмясьціць у Беларусі чатыры станцыі кіраваньня дронамі далёкага дзеяньня.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 26 сьнежня 2025 году заявіў, што ў Беларусі побач зь мяжой стаіць абсталяваньне, якое дапамагае наводзіць расейскія дроны на Ўкраіну.
Інфармацыю пра гэта высьветлілі ўкраінскія хакеры з аналітычнага кібэрцэнтру Fenix з дапамогай валянтэраў міжнароднай выведнай супольнасьці InformNapalm. Яны змаглі ўзламаць акаўнты дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў і атрымаць доступ да сыстэмаў маніторынгу, якія выкарыстоўваюць расейскія апэратары дронаў. Дзякуючы гэтаму арганізавалі бесьперапыннае схаванае назіраньне за акаўнтамі, а зьвесткі апэратыўна перадавалі Ўзброеным сілам Украіны.
Згодна з расьсьледаваньнем, Расея актыўна выкарыстоўвае цывільную інфраструктуру, у прыватнасьці, вежы сотавай сувязі на тэрыторыі Беларусі, для пракладваньня маршрутаў сваіх бесьпілётнікаў. Такім чынам яны забясьпечвалі стабільны сыгнал і спрабавалі дасягнуць цэляў на паўночнай і заходняй межах Украіны. Сям-там яны нават заляталі на тэрыторыю некаторых краін NATO, і гэта было невыпадкова.
Сёлета ў лютым міністар абароны Ўкраіны Міхайла Фёдараў заявіў, што Ўкраіна змагла зьнішчыць сучасную сыстэму сувязі, якая дапамагала расейскім дронам залятаць на поўнач Украіны зь беларускага кірунку.
