
17 палітвязняў, якія выйшлі на волю ў снежні 2025 года, атрымалі статус міжнароднай абароны ў Польшчы. Пра гэта паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі пасля сустрэчы прадстаўнікоў дэмсілаў з кіраўніком Управы ў справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам.
На сустрэчы прысутнічалі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, кіраўнік прававой камісіі Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк і прадстаўніца Цэнтру Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні:
– легалізацыі на тэрыторыі Польшчы 83 палітвязняў, вызваленых і выдвараных на тэрыторыю Украіны ў снежні 2025 года, якія прынялі пастанову аб легалізацыі ў Польшчы.
– легалізацыі трох вызваленых палітвязняў, якія былі выдвараныя на тэрыторыю Літвы 19 сакавіка гэтага года і 21 сакавіка са згоды польскіх уладаў уехалі на тэрыторыю Польшчы для наступнай легалізацыі.
Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку пра тое, што ў дачыненні 17 вызваленых палітвязняў, грамадзянаў Беларусі, выдадзеныя станоўчыя пастановы аб міжнароднай абароне ў Польшчы. Таксама прадстаўнік польскага ведамства адзначыў, што прыкладаюцца намаганні для паскарэння працэдуры легалізацыі іншых вызваленых палітвязняў, чые дакументы разглядаюцца ва Управе.
Падчас сустрэчы былі дасягнутыя дамоўленасці аб прыярытэтным разглядзе пытанняў легалізацыі трох беларусаў, якія былі дэпартаваныя рэжымам Лукашэнкі ў групе з 15 чалавек у Літву і плануюць легалізавацца ў Польшчы.
З улікам праблемных пытанняў, звязаных з працяглым чаканнем пастановаў наконт легалізацыі і атрыманнем праязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі, Томаш Цытрыновіч адзначыў, што ўвесь час звяртае ўвагу польскіх ваяводаў на асаблівую сітуацыю беларусаў, у якіх узнікаюць праблемы з тэрмінамі дзейнасці дакументаў падчас перабывання ў Польшчы.
Прадстаўнік Управы ў справах замежнікаў паведаміў, што звернецца з запытам да ваяводаў Польшчы пра перадачу інфармацыі пра стан разгляду зваротаў грамадзянаў Беларусі.
Падчас сустрэчы было таксама адзначана, што Управа выступае за павелічэнне тэрміну дзеяння праязнога дакументу да двух гадоў. Аднак гэтае пытанне ў кампетэнцыі польскіх заканадаўцаў.
Таксама былі закранутыя праблемныя пытанні адкрыцця банкаўскіх рахункаў для грамадзянаў Беларусі. Плануецца, што 26 сакавіка адбудзецца сустрэча Паўла Латушкі з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы, у якой прадугледжваецца ўдзел прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства фінансаў Польшчы для пошуку шляхоў выхаду са складанай сітуацыі.
