
17 сакавіка прадстаўнікі нацыянальных і этнічных меншасцяў, якія ўваходзяць у Супольную камісію ўрада і нацыянальных і этнічных меншасцяў, упершыню сустрэліся з новым маршалкам Сейма Уладзімежам Чажастым.
У сустрэчы ўдзельнічаў сябра камісіі і радны, прадстаўнік беларускай меншасці Ігар Лукашук, які падкрэсліў значэнне такога фармату дыялогу:
– Можна сказаць, што гэта была першая сустрэча асяроддзя нацыянальных меншасцяў з новым Маршалкам, які задэкляраваў, што будзе працягваць тое, што ўвёў папярэдні Маршалак Сейму, значыцца, стварыў сакратарыят з боку нацыянальных меншасцяў супольнай камісіі, але таксама паклікаў свайго радцу па справах нацыянальных меншасцяў. Прагучала вялікая прыхільнасць і ўвага да патрэбаў.
Прадстаўнікі меншасцяў таксама перадалі маршалку дакумент з аглядам найважнейшых праблем супольнасцяў і прапановамі па іх вырашэнні. Абмяркоўвалася і падрыхтоўка зменаў у Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях.
Сустрэча працягнула традыцыю рэгулярнага дыялогу паміж уладамі і меншасцямі, распачатую Шымонам Галоўняй.



