Святлане Алексіевіч заблакіравалі банкаўскі рахунак у Германіі

Фота: 34mag.net

Гэта здарылася таму, што нобелеўская лаўрэатка не паспела своечасова падоўжыць від на жыхарства, — паведамляе «Новы Час».

«Блакаванне рахунку Святланы Алексіевіч — не выключны выпадак, а вельмі шараговая сітуацыя, такое здараецца з вялікай колькасцю беларусаў, якім па нейкіх прычынах не паспяваюць своечасова падоўжыць від на жыхарства. У банку Святлане сказалі, што гэтыя абмежаванні тычацца беларусаў і расійцаў — у сувязі з вайной. Праблема не ў тым, што такое не павінна здарацца з нобелеўскім лаўрэатам, — падыход павінен быць адзіны для ўсіх, — такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбная змена падыходаў для тых, хто былі вымушаныя выехаць з Беларусі праз пераслед, але працягваюць працу на дэмакратыю», — пракаментавала сітуацыю кіраўніца Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай.

Новы ВНЖ Святлана Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка 2023-га. У сутычцы са славутай нямецкай бюракратыяй — бюракратыя перамагла.

Увосень 2019 года Святлана Алексіевіч была абрана віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба, а праз некалькі тыдняў — старшынёй Рады Беларускага ПЭН-цэнтра.

У жніўні 2020 года далучылася да каардынацыйнай рады, ініцыіраванай Святланай Ціханоўскай (кандыдатуру якой Алексіевіч падтрымлівала на прэзідэнцкіх выбарах), стала членам прэзідыума названай рады. Пасля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Мінску прыйшлі сілавікі, пісьменніца пераехала ў Берлін.

Варта адзначыць, што ў 2021 годзе Святлана Алексіевіч была ўзнагароджана Вялікім крыжом 1-й ступені Ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія».

novychas.online