У Літве зноў зафіксавалі кантрабандныя балёны і разьвярнулі на мяжы рэкордна шмат з пачатку году мігрантаў зь Беларусі

Віленскі аэрапорт. Архіўнае фота

У ноч на 31 сакавіка ў аэрапорце Вільні зноў уводзілі часовыя абмежаваньні паветранай прасторы праз рызыкі ад запуску кантрабандных балёнаў зь Беларусі.

Як паведаміла агенцтва BNS, аэрапорт не працаваў 2 гадзіны, а ягоная дзейнасьць аднавілася а 03:12.

Кампанія Lietuvos oro uostai («Літоўскія аэрапорты») паведаміла, што абмежаваньні ўводзілі «ў сувязі з гібрыднай атакай Беларусі супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва, бо ў небясьпечных для авіяцыі зонах фіксуюцца навігацыйныя адзнакі, характэрныя для паветраных балёнаў».

З гэтай прычыны адзін рэйс з 87 пасажырамі перанакіравалі ў Капэнгаген, а ранішні рэйс у гэты ж горад скасавалі.

Апошні такі інцыдэнт адбыўся на мінулым тыдні, 27 сакавіка. Сёлета праз пагрозы кантрабандных балёнаў работа сталічнага аэрапорту спынялася ўжо шэсьць разоў.

Балёны летась парушылі графік больш за 300 рэйсаў — пераважна ў Віленскім аэрапорце, але таксама і ў Ковенскім, што закранула 47 000 пасажыраў і прывяло да закрыцьця лётнішчаў амаль на 60 гадзін.

Летась у сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў надзвычайнае становішча з гэтай прычыны. Дзяржаўная мяжа зь Беларусьсю была часова закрытая ў кастрычніку.

Дзяржаўная памежная служба Літвы 26 сакавіка паведаміла, што сёлета было перанята 75 кантрабандных паветраных балёнаў, якія пераносілі больш за 200 000 пачкаў нелегальных цыгарэт. Літоўскія палітыкі лічаць гэтыя ўварваньні гібрыднай атакай рэжыму Лукашэнкі.

На мяжы разьвярнулі рэкордную з пачатку году колькасьць мігрантаў

На літоўскай-беларускай мяжы за апошнія 24 гадзіны разьвярнулі 34 мігрантаў — гэта найбольш з пачатку году.

Як паведаміла агенцтва BNS з спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, мігранты спрабавалі трапіць у Літву некалькімі групамі. Большасьць зь іх — мужчыны, якія назваліся грамадзянамі Афганістану, Альжыру, Эрытрэі, Пакістану і Самалі.

Дагэтуль максымум мігрантаў зафіксавалі 25 сакавіка — тады з боку Беларусі спрабавалі трапіць у Літву 29 чалавек.

З пачатку году Літвы разьвярнула з боку Беларусі 169 мігрантаў. Летась літоўскія памежнікі зафіксавалі больш за 1,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусі.

svaboda.org