
Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явіўся заклік ад групы беларусаў не ісці на выбары ў Каардынацыйную Раду. Віктар Бабарыка таксама заявіў, што са сваёй камандай не будзе ўдзельнічаць у выбарах, учора таксама стала вядома, што фракцыя «Наша справа» Віталя Рымашэўскага ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі не лічыць мэтазгодным прымаць удзел у выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную Раду ў яе сённяшнім фармаце.
„Радыё Рацыя“ вырашыла пагаварыць пра сітуацыю з выбарамі ў Раду з аналітыкам Варшаўскага цэнтра палітаналіза і прагноза, доктарам паліталогіі Паўлам Усавым:
РР: Як вы ставіцеся да выбараў у Каардынацыйную Раду?
Павел Усаў: У сённяшніх умовах, калі агульнае стаўленне да апазіцыі з’яўляецца скептычным і Каардынацыйная Рада абцяжараная негатыўнымі падзеямі, скандаламі, у тым ліку шпіёнскімі скандаламі, статус Каардынацыйнай Рады, яе ўспрыняццё ў беларускім грамадстве крытычна негатыўнае.
І таму да выбараў у сённяшніх абставінах, і вайны, і крызіснай сітуацыі ў апазіцыі, стаўленне як да нейкага шоў, да нейкай камедыі, якая не нясе ніякай карыснай нагрузкі і не мае ніякіх карысных вынікаў.
Усе гэтыя размовы пра тое, што выбары і дзейнасць КР – гэта эксперыментальны працэс, у якім беларусы вучацца дэмакратыі – гэта проста смешна. Калі падзеі 20-га году і пасля 20-га году не навучылі беларусаў дэмакратыі, а гледзячы на тое, як развіваюцца адносіны ў дэмакратычнай супольнасці, у апазіцыйнай супольнасці, яны далёка ад дэмакратычных стандартаў, то думаю, што прыцягненне гэтых дэмакратычных практык, заахвочванне беларусаў удзельнічаць у нейкіх выбарах, якія выбарамі не з’яўляюцца, як рэалізацыя дэмакратычных практык, на маю думку, ёсць проста маніпуляцыя, бо нічога іншага на сённяшні момант прапанаваць ні дэмакратычнай супольнасці за межамі Беларусі, ні беларускай супольнасці, на жаль, апазіцыя не ў стане. Толькі нейкія працэсы самі ў сабе, якія па выніку не даюць нічога.
РР: Нягледзячы на крытыку, КР працягвае пазіцыянаваць сябе як прататып парламента дэмакратычных сіл Беларусі. Як вы лічыце, ці мае міжнароднае прызнанне КР, напрыклад, у Еўрапарламенце?
Павел Усаў: Называць сябе яны могуць як заўгодна, але фактычная роля для беларускай супольнасці Каардынацыйнай Рады мінімальная. І большасць грамадзянаў абсалютна не ведае, чым, хто і як у гэтай Каардынацыйнай Радзе займаецца. Асноўная праблема ў тым, што прадстаўнічых апазіцыйных структур, як КР, кабінет, офіс, даволі шмат, а практычных вынікаў гэтай дзейнасці ніякіх няма.
