Міраслаў Янковяк: Беларускія гаворкі ў Літве знікаюць

У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы пабачыла свет новая манаграфія «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2» польскага беларусіста Міраслава Янковяка.

Другі том прысвечаны гаворкам Салечніцкага (Шальчынінскага) раёну і змяшчае дэталёвы аналіз фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу, лексікі мясцовых гаворак, уключаючы балцкія і польскія ўплывы.

Кажа Міраслаў Янковяк:

– Я меў магчымасць правесці свае даследаванні ў 2024 і 2025 гадах, каб праверыць што адбываецца. На жаль, мушу сказаць, што з пункту гледжання беларускіх дыялектаў сёння нашмат горшая сітуацыя. Можа не так крытычна, як на тэрыторыі Латвіі. Але 10-15 гадоў таму я не меў ніякіх праблемаў прыехаць у вёску і запісаць любога чалавека па-беларуску. Цяпер гэтых людзей ужо трэба шукаць. Гаворка знікае. Выціскаецца перадусім польскай і рускай мовамі.

На сённяшні дзень кніга даступная для набыцця на сайце Інстытута літоўскай мовы. Гэта магчымасць азнаёміцца з унікальнымі дыялекталагічнымі матэрыяламі беларускамоўных супольнасцяў Літвы. Кніга таксама змяшчае тэматычны слоўнік і аўтэнтычныя тэксты носьбітаў мовы.

racyja.com