У Любліне выйшала кнігай манаграфія польскай літаратуразнаўцы Беаты Сівэк пра беларускага празаіка Івана Пташнікава «Ненапісаная аповесць. Празаічныя творы Івана Пташнікава».

Беата Сівэк – прафесар, доктар габілітаваны, загадчыца кафедры рускай, украінскай і беларускай літаратуры ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Над гэтай кнігай яна працавала амаль шэсць гадоў.
– У 2019 годзе я паехала на месячную стажыроўку ў БДУ. Амаль месяц прасядзела і ў бібліятэцы, і ў архіве. Так што ў мяне шмат розных сканаў ягоных рукапісаў, і здымкаў. Магу сказаць, што я сабрала ўсё, што напісана Пташнікавым і напісанае аб ім.
У навуковым багажы Беаты Сівэк даследаванні паэзіі Максіма Багдановіча, творчасці беларускіх пісьменнікаў-«белавежцаў» з Падляшша а таксама сучаснай беларускай драматургіі.


