Генадзь Фядыніч: Наш прафсаюз быў вялікай сілай

Генадзь Фядыніч

Больш за паўгода прайшло з той пары, як былы палітвязень і былы старшыня прафсаюза РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці) Генадзь Фядыніч знаходзіцца ў Літве без беларускага пашпарта і пенсіі. 5 студзеня 2023 года лукашэнкаўскі рэжым прысудзіў яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па трох крымінальных артыкулах (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім; Распальванне варожасці ці варажнечы). 11 верасня 2025 года ўлады Беларусі вывезлі яго за межы краіны разам з іншымі палітвязнямі.

«Радыё Рацыя» паразмаўляла з ім пра яго справу, зняволенне і планы надалей.

РР: Вы былі адным з самых уплывовых прафсаюзных лідараў. І, канешне, за вамі ўсе гэтыя 16 год была пільная ўвага з боку ўладаў. Ці адчувалі вы, што за вамі пільна сочаць?

Генадзь Фядыніч: Безумоўна сачылі. Я пра гэта не думаў. Але ж калі ў 2020 годзе паставілі «праслушку» ў кавярні, якая знаходзілася паверхам ніжэй, наш офіс быў на другім паверсе, і мне работнікі кавярні ў той самы дзень прапанавалі пазнаёміцца з тым, што паставілі. Адна «праслушка» была пастаўленна для старшыні прафсаюза, а другая для памяшкання, дзе збіраліся актывісты. Да 2022 года гэтая «праслушка» прастаяла. Безумоўна, а мы ж «рэпаўцы», у нас былі людзі, якія маглі даскала вызначыць дзе і што стаіць. Больш таго, скажу што наш офіс зачыняўся такім чынам, што яго так проста ўскрыць і зайсці было немагчыма. І мне задавалі такое пытанне ў КДБ: ці можна было патрапіць у ваш офіс незаўважна? Я кажу ім: дык вы ж спрабавалі. На гэтым пытанні скончыліся.

РР: То бок, вы пра гэта ведалі. Ведалі, што стаіць «праслушка» і былі асцярожнымі. Ці ўсё ж спрабавалі падаваць інфармацыю, якой хацелі заблытаць міліцыянтаў?

Генадзь Фядыніч: Калі мы з сябрамі дамаўляліся, што маёр павінен гэта слухаць, мы заходзілі ў кабінет і размаўлялі. А тое, што датычыла нашых агульных рэчаў, безумоўна, размаўлялі на вуліцы.

РР: У 2018 годзе за абарону правоў працоўных вам прысудзілі хатнюю «хімію» – чатыры гады. А затым ужо вас судзілі па трох крымінальных справах. 19 красавіка ў 2022 годзе вас затрымалі. Але спачатку распавядзіце пра той першы прысуд.

Генадзь Фядыніч: Па-першае, гэта была не толькі хатняя «хімія». Мне было забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасаду старшыні прафсаюза. І гэта было рашэнне суда. Але калі я быў на хатняй «хіміі», то, скажу шчыра, хадзілі гэтыя людзі да мяне амаль кожны дзень. ОМОН, ці хто там яшчэ, дакладна не ведаю. Прыходзілі. Я ім толькі сказаў, калі прыйдзеце ўночы пасля 12-й, я вам не адчыню дзверы, я буду спаць. І скажу шчыра, адзін раз толькі прыйшлі, болей не прыходзілі.

А калі папярэдзілі мяне, што я павінен быць дома пасля 19-й гадзіны, я ім сказаў, што ў мяне ненармаваны працоўны дзень, я ў 19 не прыйду, я прыйду а 20-й. Яны запярэчылі, не – трэба а 19-й. Тады я ім кажу, што прачытаю вам лекцыю, што такое ненармаваны працоўны дзень. Гэта паўплывала, і скажу, што я прыходзіў у 20 гадзін. А ў суботу і нядзелю нельга было нават выйсці на вуліцу.

За гэтыя два гады, калі быў на «хіміі», было дзве амністыі. І адна да мяне прымянілася. 1 студзеня 2021 года у 24 гадзіны мне патэлефанаваў маёр. Я пытаюся: што здарылася? Кажа: здарылася, я вас зняў з уліку, можаце прагуляцца. Я кажу жонцы: апранайся, пойдзем пашпацыруем, бо я два гады ноччу не выходзіў на вуліцу.

Але я ўсё адно не мог быць старшынём прафсаюза, стаў дарадцам. І працаваў далей. Мы тады яшчэ не зусім разумелі, што першая пасадка – гэта ідзе ціск не толькі на мяне, а на ўвесь прафсаюзны актыў.

racyja.com