«Павольны шлях у прорву»: эканаміст Зміцер Крук пра стагнацыю, ілюзію высокіх заробкаў і будучыню Беларусі

Беларускія грошы. Крыніца: vgr.by

Нягледзячы на бачны рост заробкаў і часовы спажывецкі аптымізм, беларуская эканоміка ў стане глыбокай стагнацыі. Калі сітуацыя не зменіцца, праз 10–15 гадоў сярэдні беларус будзе жыць удвая горш за жыхара суседняй Польшчы, а краіна працягне імкліва страчваць чалавечы капітал. Што замінае эканамічнаму росту, чаму цяперашнія грошы ў кішэнях – з’ява хуткаплынная і якім чынам татальная прывязка да Расеі цягне краіну на дно? Гэтыя пытанні ў «Раніцы з «Белсатам» абмеркавалі з старэйшым навуковым супрацоўнікам даследчага цэнтру BEROC эканамістам Змітром Круком.

Чаму невялікі рост эканомікі – гэта ўсё роўна стагнацыя

Нягледзячы на тое, што ўлады могуць рапартаваць пра эканамічны рост у 1–2%, гэтых лічбаў катастрафічна не хапае. Зміцер Крук адзначае, што галоўная праблема – гэта павелічэнне разрыву ў дабрабыце паміж Беларуссю і еўрапейскімі суседзямі. Гэтае адставанне цягнецца ўжо шмат гадоў і вядзе да незваротных стратаў на рынку працы. 

«Трэба разумець, што паводле ўзроўню дабрабыту мы даволі значна адстаём ад суседніх краінаў, перш за ўсё ў якасці эталону я разглядаю Польшчу і Літву, таму што я не бачу ніякіх фундаментальных фактараў, чаму Беларусь павінна адставаць ад іх. А гэтыя краіны ўжо на значна вышэйшым узроўні. У дачыненні да Польшчы, напрыклад, дзесьці на 40 % дабрабыт вышэйшы, і яны растуць хутчэй. Адпаведна, калі беларуская эканоміка будзе расці з такім тэмпам – 1–2 %, – гэты разрыў паміж суседнімі краінамі і Беларуссю будзе толькі ўзрастаць», – кажа Зміцер Крук. 

Эканаміст звяртае ўвагу, што працэс адставання беларускай эканомікі – не будучая нейкая пагроза, фактычна ён доўжыцца ўжо каля 15 гадоў, пачынаючы з 2012-га.

На ягоную думку, гэтая зацяжная стагнацыя стварае сур’ёзную небяспеку, найперш з пункту гледжання страты чалавечага капіталу. Эксперт падкрэслівае: бачачы, што ў суседніх краінах забяспечыць сабе годныя ўмовы жыцця і заробак значна прасцей, людзі будуць усё часцей выбіраць эміграцыю.

Ілюзія высокіх заробкаў і хуткі канец спажывецкага аптымізму

Апошнім часам заробкі ў Беларусі сапраўды раслі, што не магло не адбіцца на настроях людзей. Аднак эканаміст папярэджвае: гэты рост не звязаны з поспехамі самой эканомікі. Прычына крыецца ў жорсткім дэфіцыце працоўных рук праз дэмаграфію і міграцыю. Але ўжо хутка эканамічная рэальнасць возьме сваё.

«Апошнія гады эканоміка пэўны рост дэманструе, асабліва 2023–2024 год, але пры гэтым заробкі, рэальныя даходы людзей выраслі значна больш. Напрыклад, магу даць лічбы: калі паводле ўзроўню ўсяе эканомікі ВУП вырас у параўнанні з дасанкцыйным даваенным перыядам дзесьці на 6 %, то заробкі выраслі больш як на 40 %. І гэта насамрэч падсілкоўвае такі спажывецкі аптымізм. Чаму гэта адбылося?.. Я думаю, што, відавочна, гэта структурны недахоп працоўных рук», – кажа эканаміст. 

Ён мяркуе, што ў 2026 годзе спажывецкі аптымізм у беларусаў пачне зніжацца праз пагаршэнне эканамічных умоваў і падзенне знешняга попыту.

«Але вось менавіта таму, што стагнацыйныя трэнды набываюць моц, а беларуская эканоміка вось якраз-такі ў 2025 годзе ўсё больш адчувальна пачала сутыкацца з тэндэнцыямі зніжэння попыту знешняга, з тым, што тыя ўмовы, у якіх яна існуе, усё больш ціснуць, – я думаю, што гэты разрыў паміж самаадчуваннем, спажывецкімі настроямі і эканамічным станам будзе скарачацца. І, адпаведна, якраз-такі ў 2026 годзе адбудзецца пэўны пералом у самаадчуваннях і настроях людзей, і той спажывецкі аптымізм, які мы фіксавалі ў апытаннях апошнія два гады, паступова пачне знікаць, паступова настрой зменіцца на супрацьлеглы», – кажа Зміцер Крук. 

Што не дае эканоміцы развівацца

Галоўнай перашкодай для росту эксперт называе ўнутранае інстытуцыйнае асяроддзе і знешнюю ізаляцыю. Дзяржаўны сектар выцягвае рэсурсы з краіны не дзеля інавацый, а дзеля захавання ўлады, у той час як прыватны бізнес, які мог бы стаць драйверам росту, застаецца без падтрымкі. Больш за тое, Беларусь усё мацней адразае сябе ад глабальнага свету.

«Сюды б я яшчэ дадаў, асабліва калі мы гаворым пра апошнія чатыры-пяць гадоў, празмерную, татальную прывязку да расейскай эканомікі, якая фактычна існуе ў такім паралельным вымярэнні адносна сусветнай, гэта альтэрнатыўнае нейкае вымярэнне. І беларуская эканоміка, на жаль, усё больш прывязваецца, завязваецца на гэты альтэрнатыўны сусвет. Гэта таксама стрымлівае яе ад магчымасці ўдзелу ў глабальнай канкурэнтнай барацьбе, ад магчымасці развівацца адпаведна», – лічыць госць студыі. 

Прагноз на 10–15 гадоў: сцэнар Албаніі ці Аргенціны

Калі палітычны і эканамічны курс застанецца нязменным, краіну не чакае імгненны калапс і разбурэнне. Але перспектыва выглядае гнятліва: павольная дэградацыя і ператварэнне ў глабальнага аўтсайдара.

«Яшчэ раз падкрэслю… людзі ў параўнанні з учорашнім днём будуць усё роўна жыць лепей, але праблема ў тым, што ў параўнанні з тым, як яны маглі б жыць і як будзе жыць астатні свет, гэта будзе выглядаць горш і горш. Ну вось фактычна ў 2040 годзе, 2035-м ці 2036-м, калі мы сёння кажам, што адставанне ад Польшчы 35–40 %, паводле розных дадзеных, то яно павялічыцца да 50–55 %. То бок сярэдні беларус будзе жыць удвая горш, бяднейшым будзе, чым сярэдні паляк. І паступова-паступова гэты шлях у прорву будзе адчувацца ўсё больш і больш. Гэта не будзе выглядаць як нейкі аднамомантны выбух», – адзначыў Зміцер Крук. 

Ён прывёў прыклад Албаніі або Аргенціны, дзе стагнацыя назапашвалася паступова, пакуль людзі не ўсвядомілі, што жывуць у адсталым, несучасным свеце. У выніку ўзнікла адчуванне, што краіна апынулася ў хвасце развіцця, хоць магла б быць сярод лідараў.

Святлана Зелянкоўская, Анатоль Шырвель, Раман Шавель belsat.eu