Без міжнароднай рэакцыі ануляванне пашпартоў можа пагражаць усім уцекачам ад рэжыму

Праверка пашпартоў на мяжы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gomel.1prof.b

Беларускі рэжым пачаў выкарыстоўваць новую форму рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў – ануляванне пашпартоў вызваленым і высланым за мяжу палітвязням. Праваабаронца Леанід Судаленка ў эфіры «Раніцы з «Белсатам» расказаў, як гэтае «прававое бязмежжа» пазбаўляе людзей фундаментальных правоў і стварае рызыку безграмадзянства. Ці паўплывае гэты крок афіцыйнага Менску на магчымыя перамовы з Захадам, чаму ўлады ідуць шляхам Нікарагуа і ці пагражае масавае ануляванне дакументаў усім беларусам, якія з’ехалі пасля 2020 года?

Праблема легалізацыі і немагчымасць вярнуцца

Як вядома, былыя палітвязні, якіх вызвалілі і фактычна выслалі з Беларусі, сутыкнуліся з тым, што іхныя беларускія пашпарты аказаліся ануляванымі. Гэта робіць немагчымым іх легальнае вяртанне на радзіму. Аднак дзякуючы падтрымцы суседніх краінаў Еўразвязу праблема з іх легальным знаходжаннем за мяжой вырашаецца.

«Дзякуй літоўскаму і польскаму ўраду: гэтыя пытанні вырашаныя, я маю на ўвазе з легалізацыяй. Самае галоўнае, што нават з даведкай без пашпарту палітвязні ўсё ж урэшце атрымліваюць тут легалізацыю, і, у прынцыпе, можна далей атрымаць пашпарт замежніка, што дазволіць тут, у межах краін Еўразвязу, свабодна перамяшчацца. Тым не менш, калі гаварыць пра будучае вяртанне, вядома, што немагчыма прайсці мяжу беларускую ці то з боку Польшчы, ці то з боку Літвы, калі ў чалавека наогул адсутнічае пашпарт. Як гэтая сітуацыя ў будучыні будзе вырашацца, пакуль ніхто не скажа, таму што назад па даведцы ў краіну наўрад ці хто пусціць. Вось я бачу тут хутчэй адразанне вяртання назад – такую самую галоўную праблему», – кажа Леанід Судаленка. 

«Прававое бязмежжа» і шлях Нікарагуа

Праваабаронца адзначае, што падставай для анулявання пашпартоў у беларускім заканадаўстве служыць асобны ўказ, але палітычны пераслед – не падстава для анулявання дакументаў. Такія дзеянні ўладаў – гэта выключна палітычная санкцыя і выхад за межы прававога поля, лічыць Судаленка. 

«Ну безумоўна, ёсць жа гэты базавы 294-ы ўказ пра гэтыя пашпарты. Там і ёсць пералік гэтых усіх падставаў: гэта ці смерць чалавека, ці перамена імя, прозвішча, напрыклад, страта, крадзеж пашпарту – усё гэта падставы законныя, яны прапісаныя ў базавым законе, калі паводле закону дазваляецца ануляваць той ці іншы пашпарт. Але вось як палітычнай санкцыі – такога там няма. І, безумоўна, гэта палітычны пераслед», – адзначае суразмоўца «Белсату».

Судаленка праводзіць паралелі з дыктатурай у Нікарагуа, адзначаючы, што беларускія ўлады ўжо падрыхтавалі юрыдычную глебу для поўнага пазбаўлення грамадзянства.

«Самы свежы прыклад – гэта некалькі год таму, мабыць, у 2023 годзе, у Нікарагуа высылалі палітвязняў, іх пазбаўлялі нават грамадзянства. Безумоўна, беларускі прыклад не самы жорсткі, таму што ануляванне пашпарту – не пазбаўленне грамадзянства, але ж у базавы закон аб грамадзянстве беларускія ўлады ўжо ўнеслі пэўныя змены. Памятаеце гэтыя публічныя заявы і Лукашэнкі, і міністра МУС Кубракова, якія казалі, што трэба наогул пазбаўляць грамадзянства і забараняць уезд у краіну… тым, хто, на іх думку, здзейсніў крымінальныя злачынствы экстрэмісцкага ці нават тэрарыстычнага кірунку», – кажа Судаленка.

Парушэнне правоў і пагроза безграмадзянства

Ануляванне пашпартоў праваабаронца расцэньвае як злачынства рэжыму, якое вядзе да сур’ёзных наступстваў для чалавека, закрэсліваючы яго базавыя правы.

«Безумоўна, гэтае пазбаўленне права на грамадзянства – першы крок да безграмадзянства, можна сказаць так. Акрамя таго, гэты крок таксама закранае свабоду перамяшчэння, права на прызнанне правасуб’ектнасці і абарону ад адвольнага ўмяшання ў прыватнае жыццё. Таксама можна канстатаваць, што дзяржава такім шляхам умешваецца ў прыватнае жыццё кожнага грамадзяніна, у якога ануляваны пашпарт. Фактычна ідзе размова пра выключэнне людзей з прававога поля і стварэнне вялікай рызыкі безграмадзянства», – адзначае праваабаронца.

Мэты рэжыму і сігнал для іншых

Навошта ўлады ідуць на такі крок? Акрамя стварэння бюракратычных і фінансавых праблемаў для былых палітвязняў за мяжой, гэта яшчэ і спроба прадэманстраваць свой кантроль над імі нават пасля іх вызвалення.

«Гэта ў пэўнай ступені абмяжоўвае людзей у распараджэнні маёмасцю, фінансамі, ўскладняе легалізацыю за мяжою, робіць былых палітвязняў больш залежнымі ад рашэнняў дзяржавы – невядомы далейшы прававы статус гэтых грамадзян. Ну і, безумоўна, гэта такі сігнал іншым, што нават пасля вызвалення вы ўсё роўна пад кантролем. Вось, напэўна, такую мэту перад сабой ставіла ўлада, каб у тым ліку і на гэтых прыкладах паказваць: глядзіце, што будзе з вамі, калі вы раптам будзеце займацца, паводле іхнае версіі, экстрэмізмам ці нават тэрарызмам», – кажа госць «Раніцы з «Белсатам».

Гульня стаўкамі перад Захадам

На фоне размоваў пра магчымыя перамовы паміж рэжымам Лукашэнкі і адміністрацыяй ЗША ануляванне пашпартоў выглядае як наўмыснае павышэнне ставак з боку Менску. Цяпер Захаду давядзецца рэагаваць не толькі на само існаванне палітвязняў, але і на новыя формы рэпрэсій супраць іх.

«Беларускі рэжым падвышае, напэўна, стаўкі ў гэтай гульні пад назваю “ўгода ці перамовы з амерыканскім бокам”. Безумоўна, гэта паўплывае [на перамовы паміж Лукашэнкам і Белым домам. – Рэд.]: не паспеў амерыканскі бок паставіць пытанне пра тое, што беларускі рэжым павінен пакідаць людзей у краіне, і мы бачым, што з 250 чалавек 235 усё ж засталіся ў краіне. А тут вам, калі ласка, новая форма рэпрэсій: ануляванне пашпартоў, і зараз амерыканскаму боку, магчыма, прыйдзецца займацца яшчэ і гэтым пытаннем, ставіць гэтае новае пытанне, траціць час на перамовы, каб усё ж гэтыя новыя формы рэпрэсій беларускі рэжым не прымяняў у дачыненні да тых людзей, якіх ён вызваляе праз так званае памілаванне», – заўважае праваабаронца. 

Што рабіць і ці пашырыцца практыка на ўсіх эмігрантаў?

Праваабаронца заклікае не маўчаць пра кожны такі выпадак і абавязкова патрабаваць ад беларускіх уладаў афіцыйных тлумачэнняў, нават калі яны ігнаруюць запыты. 

«Безумоўна, трэба гэта ўсё апублічваць, збіраць звесткі… гаварыць пра тое, што палітычныя рэпрэсіі вынаходзяць новыя формы ў Беларусі. Не маўчаць – гэта самае галоўнае. Таксама я раю кожнаму, у каго ануляваны пашпарт, усё ж спрабаваць уступаць у камунікацыю з беларускім рэжымам… спрабаваць усё ж атрымаць адказ, на якой падставе ў таго ці іншага чалавека ануляваны пашпарт», – раіць праваабаронца.

Што тычыцца пашырэння практыкі анулявання пашпартоў на ўсіх, хто з’ехаў пасля 2020 года, то ўсё будзе залежаць выключна ад рэакцыі міжнароднай супольнасці. Бо беларускі бок зрабіў гэтыя крокі і будзе назіраць за міжнароднай рэакцыяй: ці праглыне гэтую навіну той жа спецпасланнік Трампа Джон Коўл, ці ён усё ж уступіць у перамовы з беларускім рэжымам, каб там спынілі гэтую ганебную практыку.

«Усё будзе залежаць ад гэтых складнікаў, як на гэта будзе рэагаваць у тым ліку і міжнародная супольнасць, і ад гэтага залежыць далейшая сітуацыя… Час пакажа: калі не будзе рэакцыі, то, безумоўна, рэжым пойдзе далей, і будзе ў нас тое, што адбывалася ў Нікарагуа…» – лічыць Леанід Судаленка.

Нагадаем, у канцы сакавіка 2026 года стала вядома пра новую хвалю рэпрэсій супраць былых палітвязняў: беларускія ўлады пачалі масава ануляваць іхныя пашпарты праз базу МУС, робячы дакументы «несапраўднымі» яшчэ да заканчэння тэрміну іх дзеяння. Гэтая практыка закранула прыкладна 20–25 чалавек, якія пасля вызвалення выехалі за мяжу, у тым ліку блогера Дзмітрыя Казлова, а таксама праваабаронцаў «Вясны» Уладзя Лабковіча, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых.

Святлана Зелянкоўская, Анатоль Шырвель, Раман Шавель, belsat.eu