
З маіх першых 10 сутак у ШІЗА ў Шклове адміністрацыя зрабіла шоу, — напісаў Павел у сваім фэйсбуку.
Некалькі месяцаў ШІЗА не давалі — бо мяне прывезлі пасля страшнай смерці там Вітольда Ашурка. Начальства само было прыгаломшанае шумам і абурэннем, пэўны час не лютавалі. Да таго ж да мяне час ад часу хадзіў адвакат, родныя на волі не маўчалі — і яны спярша пабойваліся брацца рэзка.
Канечне, прыдумалі пару дзясяткаў парушэнняў, зрабілі «злоснікам» (атаварка не на 5 базавых, а на 2), забралі спатканні, перадачы (у калоніі гэта называецца «обезжіріть»)… Але жорны ж круцяцца, мелюць, загады ідуць — прыйшоў час і на мяне.
Нагоду выбралі сумысля смешную — не павітаўся з супрацоўнікам адміністрацыі. Але было ясна, што гэта проста нагода.
На камісіі пакарання начальнік зачытаў з мабілкі допіс «Свабоды» пра тое, што ў Шклоўскай калоніі сядзіць палітык Павел Севярынец.
— Мешаете нам работать, Северінец. 10 суток ШІЗО.
Як і мае быць у такіх выпадках, заломваюць рукі — і выводзяць у калідор. А там, людцы ж мае, чалавек пятнаццаць у форме — і як, знаеце, раптоўнае віншаванне з днём народзінаў, такі ўхвальны гул і воплескі, натуральныя воплескі!
— Ооо! Северінец! Рукі выше! Давай! Пашооол!!!
«Рукі выше» — значыць, заломваюць так, што ілбом кранаеш дол. Заварочваюць у кабінет рэжымкі.
— На пол! Рукі за спіну! Лежать!!!
Калі табе далі суткі — усё, супрацоўнікам можна адрывацца «па поўнай».
Ляжыш, каўтаеш сутаргавымі ўдыхамі пыл і пясок, сэрца калоціцца, дыхання не хапае, вакол па падлозе брохаюць боты.
— Ногі шіре! Лежать, сказаал!
Зайдуць, падаб’юць ногі, каб шырэй, палюбуюцца. Прыгажосць.
Паехалі, думаю, хлопец. Шоў маст гоў он.
А ў ШІЗА завялі ў 20‑ю камеру (яна скразняковая, насупраць дворыкаў, узімку самае тое) — і папярэдзілі:
— Доклад будешь делать, что в 13‑й камере. Понял?
Гэта ж такая свядомасць у таварышаў — Севярынец ён жа тыпу веруюшчы. Значыт, еслі 13‑я камера, ему ох как страшна далжно быць. Ты поняў? Как чотка прыдумана, а?!
І вось менавіта ў гэты момант мяне адпусціла.
