
Расія выкарыстоўвае тэрыторыі Беларусі, Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя і Румыніі для пралёту дронаў ва Ўкраіну. Пра гэта піша ўкраінскае выданне NV са спасылкай на начальніка ўпраўлення камунікацый Камандавання Ваенна-паветраных сіл Узброеных сіл Украіны Юрыя Ігната.
Паводле яго, Ваенна-паветраныя сілы часта фіксавалі пралёт дронаў у заходнія вобласці Украіны ўздоўж мяжы з Беларуссю.
“Каб зрабіць іх больш устойлівымі да падаўлення РЭБ, каб больш сродкаў пралятала, праціўнік, верагодна, можа выкарыстоўваць дапамогу суседняй дзяржавы, каб дроны даляталі бесперашкодна”, — сказаў ён.
У Беларусі не будуюць аэрадромы для расійскіх дронаў
Пры гэтым ва Украіне абверглі інфармацыю пра тое, што ў Беларусі плануецца пабудаваць чатыры базы для запуску дронаў. Такая інфармацыя з’явілася ў міжнародных медыя на пачатку гэтага месяца, журналісты спасылаліся на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Аднак саветнік міністра абароны краіны Сяргей Бескрэстнаў растлумачыў, што журналісты няправільна інтэрпрэтавалі словы Зяленскага і назвалі антэны дыстанцыйнага кіравання дронамі “базамі дальняга дзеяння”.
“Я ў шоку ад таго, як скажаецца інфармацыя. Такое скажэнне, на жаль, аказвае псіхалагічны ціск на наш народ, якому і так цяжка”, — напісаў Бескрэстнаў, камэнтуючы гэтую інфармацыю.
Ён дадаў, што яму нічога не вядома пра будаўніцтва аэрадромаў для запуску шаходаў з Беларусі.
