
Сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў падаў заяўку на Марш, прысвечаны 40-годдзю Чарнобыльскай трагедыі. Марш пройдзе 26 красавіка а 14-ай гадзіне ад помніка Каперніка да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.
Беларусы замежжа не забыліся пра смяротную небяспеку над роднай зямлёй, якая прыйшла ў 1986 годзе, гаворыць Алесь Макаеў:
-26 красавіка споўніцца 40 год з дня Чарнобыльскай катастрофы і 30 год “Менскай вясны” і акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Распачаліся буйныя традыцыйныя акцыі, якія былі ў Беларусі, у Менску з 1996 года. Дзве такія сумныя даты. Першая, канешне, самая вялікая, бо гэта трагедыя беларускага народа. Беларусы ў выгнанні, у Варшаве, таксама будуць спрабаваць зладзіць марш.
Алесь Макаеў запрашае на акцыю беларусаў замежжа, каб нагадаць народам пра трагедыю, а таксама сказаць «Не» рэжыму ў Беларусі, які сабраўся ўводзіць у севаабарот забруджаныя землі.
