Беларускі ПЭН пашырыў спіс тых, хто можа намінаваць творы на прэмію імя Алеся Адамовіча

Беларускі ПЭН прымае заяўкі на прэмію імя Алеся Адамовіча за творы, апублікаваныя ў мінулым годзе. У намінантах могуць быць творы, якія дакументуюць рэчаіснасць, збіраюць сведчанні пра сацыяльна-палітычнае жыццё і асвятляюць актуальныя для чалавечай супольнасці праблемы.

Падрабязней пра прэмію «Радыё Рацыя» расказалі старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і каардынатарка творчага кірунку ініцыятывы Наста Юркевіч.

РР: Як цяпер адбываецца прыём заявак на прэмію імя Алеся Адамовіча?

Наста Юркевіч: Распачаўся чарговы збор заявак на прэмію. Ён адбываецца праз гугал-форму, якую трэба запоўніць тым, хто хацеў бы падаць заяўку, каб намінаваць нейкі твор. Гэта магчыма зрабіць да 20 красавіка. У 23.00 па беларускім часе заканчваецца прыём заявак. Так што мы раім усім паспяшацца. Я запрашаю ўсіх сачыць за навінамі ў нашых сацыяльных сетках, на нашым сайце. Вы можаце таксама азнаёміцца з правіламі і крытэрыямі адбору, якія прапісаныя ў статуце і рэгламенце прыміі. І канешне, пісаць нам, калі маюцца нейкія сумневы, ёсць пытанні, мы заўсёды з задавальненнем адкажам.

РР: Разам з тым, я паглядзела, хто ў вас можа намінавацца на прэмію, у мяне ўзнікла пытанне: хто не можа гэтага зрабіць?

Наста Юркевіч: Гэта сапраўды важнае пытанне. Сябры журы, сябры Рады Беларускага ПЭНа, то бок арганізатары прэміі, і таксама сябры рэвізійнай камісіі не могуць удзельнічаць у конкурсе прэміі, як і ўсіх іншых прэмій, якія арганізуе, або ў якіх з’яўляецца суарганізатарам Беларускі ПЭН. Гэта абавязковая ўмова. Таксама калі нехта з сябраў журы з’яўляецца рэдактарам намінаванай кнігі, намінаванага твору, то ён таксама не можа ўдзельнічаць у галасаванні па гэтым творы. То бок ён павінен заявіць пра гэта, і гэта прапісана ў статуце. І калі ён заяўляе пра канфлікт інтарэсаў, то, канешне, ён проста не ўдзельнічае ў галасаванні.

Таццяна Нядбай: А што датычыцца пытання, хто можа намінаваць творы, то я скажу, што мы сапраўды вылучылі пэўныя групы, якія могуць намінаваць. Гэта сябры Беларускага ПЭНа, гэта выдавецтвы, гэта сябры журы, гэта творчыя аб’яднанні і культурніцкія інстытуцыі, СМІ і аўтары твораў. Для таго, каб заахвоціць гэтыя групы, умоўна кажучы, заахвоціць аўтараў намінаваць свае творы, заахвоціць сябраў журы таксама намінаваць творы.

Бо часам бываюць такія сітуацыі, калі журы бярэцца зацвярджаць поўны спіс і бачыць, што нейкага твору не хапае, вось каб кожны адчуў сваю частку адказнасці за намінацыю нейкага твору, які на іх думку павінен быць у прэміі.

Для гэтага мы вылучылі гэтыя групы, якія могуць намінаваць, але таксама гэта сведчанне пэўных зменаў, таму што ад мінулага году ў нас намінаваць маглі сябры ПЭНа, гэта было іх выключным правам, іх такі прывілей быцця сябрамі Беларускага ПЭНа. А наогул, яшчэ раней да гэтага, Рада Беларускага ПЭНа, як журы, сама абірала гэтыя творы. І вось мы цягам некалькіх гадоў крыху мяняем гэтую практыку, спрабуючы ажывіць гэтыя прэміі і пашырыць кругагляд гэтых прэмій, але і зацікавіць іншыя колы. Рада, як журы, абірае пераможцаў, але каб шырэйшыя колы маглі таксама ўключыцца ў намінацыю на прэмію.

Заяўкі прымаюцца да 20 красавіка 2026 года (23:59 беларускага часу).

Каб падаць заяўку, трэба запоўніць гугл-форму, размешчаную на сайце Беларускага ПЭНа.

Марына Савіцкая, racyja.com