
У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён» (на польскай мове).
У першым томе разглядаліся беларускія дыялекты, якія выкарыстоўваюцца ў паўднёвай частцы краіны (Варэнскі раён). Гэты том знаёміць чытача з Шальчынінкайскім раёнам, у якім разам з Віленскай акругай фіксуецца гістарычна даволі аднастайны і моцна паланізаваны шэраг беларускіх дыялектаў.
З беларускага боку Шальчынінкайскі (або Салечніцкі) раён мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.
Як і першая манаграфія, прысвечаная Варэнскаму раёну Літвы, новая кніга змяшчае нарыс пра сацыялінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і ўласна характарыстыку мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Важныя складнікі выдання — тэматычны слоўнік, свежыя дыялектныя тэксты і фотаздымкі.
Усяго ў гэтай серыі плануецца шэсць тамоў. Манаграфіі пра Варэнскі і Шальчынінкайскі раёны ўжо выйшлі, наперадзе — падобныя даследаванні пра Вільнюскі, Тракайскі, Швянчонскі ды Ігналінскі раёны.
Выданне можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы (P. Vileišio g. 5, Vilnius).
