
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на сваёй старонцы ў Х павіншаваў з перамогай на парламенцкіх выбарах у Вугоршчыне Петэра Мадзяра і заклікаў перагледзець рашэнне папярэдняй улады аб выхадзе з Міжнароднага крымінальнага суда.
Вугоршчына абвясціла аб выхадзе з МКС у траўні 2025 года, калі прэм’ер-міністрам быў Віктар Орбан. Тады за такое рашэнне прагаласавала большасць у парламенце. Нагодай для яго стала выдача МКС ордару на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу. Вугоршчына заявіла тады, што МКС – палітызаваны орган, які страціў бесстароннасць і аўтарытэт.
Латушка зазначыў, што Венская канвенцыя дазваляе адклікаць рашэнне аб выхадзе з МКС.
“У святле абноўленага праеўрапейскага мандату я хацеў бы падкрэсліць магчымасць прымянення артыкулу 68 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоваў для адклікання выхаду Вугоршчыны з Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда. Ахвяры з Беларусі спадзяюцца, што яны па-ранейшаму падпадаюць пад міжнароднае правасуддзе, дзе вінаватыя ў цяжкіх злачынствах, такія, як Лукашэнка, паўстануць перад судом у Гаазе”, – адзначыў Латушка.
З перамогай на выбарах Мадзяра таксама павіншавала Святлана Ціханоўская і зазначыла, што з нецярпллівасцю чакае супольнай працы “дзеля ўмацавання свабоднай, мірнай і адзінай Еўропы, пабудаванай на дэмакратыі, вяршэнстве права і волі народу”.
Віктар Орбан, які шаснаццаць гадоў быў ва ўладзе ў Вугоршчыне, і ягоная партыя «Фідэс» прайгралі на выбарах 12 красавіка. Перамог апазіцыйны лідар Петэр Мадзяр з партыі «Тыса».
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе сёлета ў сакавіку паведаміў, што распачаў расследаванне аб здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі памагатымі трансмежных злачынстваў супраць чалавечнасці.
