Ціханоўская прапанавала Канадзе ўзмацніць ціск на рэжым у Беларусі

Святлана Ціханоўская звярнулася да ўладаў Канады з шасцю “практычнымі прапановамі” падчас слуханняў у Палаце абшчын парламента краіны.

Святлана Ціханоўская

Падзея адбылася 13 красавіка ў межах абмеркавання сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў свеце. Падчас выступу дэмакратычная лідарка заклікала Канаду стаць “вядучым голасам за свабоду і дэмакратыю” і звярнуць больш увагі на сітуацыю ў Беларусі:

– Па-першае, працягвайце ціск на рэжым. Захоўвайце жорсткія санкцыі. Патрабуйце вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама поўнага спынення рэпрэсій. У Канады маюцца рычагі ўплыву. Другая прапанова: павелічэнне дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным сілам, культурным ініцыятывам, незалежным СМІ. Таксама Канада можа падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій, які ініцыяваны дэмакратычнымі сіламі разам з Нарвегіяй, да якога ўжо далучыліся 12 краін.

Сярод іншых прапановаў: дапамога беларусам у Канадзе праз спрашчэнне легалізацыі і забарону экстрадыцыі, узняцце пытання транснацыянальных рэпрэсій на ўзроўні ААН і АБСЕ, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Ціханоўская падкрэсліла, што барацьба беларусаў і ўкраінцаў за свабоду з’яўляецца часткай глабальнага супрацьстаяння за дэмакратыю і правы чалавека.

racyja.com