
Беларусцы Наталлі 32 гады. Жанчына пераехала з Віцебска ў Варшаву і год таму нарадзіла там дачку. Яе вопыт аказаўся настолькі станоўчым, што цяпер беларуска дапамагае іншым жанчынам і суправаджае іх падчас родаў. У інтэрв’ю «Салідарнасці» яна распавяла, як праходзілі яе бясплатныя роды і што ёй даў гэты досвед.

— Падчас цяжарнасці я прайшла курсы па падрыхтоўцы да родаў у дзяржаўным шпіталі. Для жыхароў Варшавы, якія маюць прапіску, яны бясплатныя, — кажа Наталля. — У гэтым жа шпіталі я выбрала нараджаць. Цікава, што будучая маці, калі мае страхоўку, можа сама выбіраць шпіталь і нараджаць там бясплатна.
Недзе пасля 25-га тыдня я запоўніла заяўкі і схадзіла на экскурсіі ў тры шпіталі. Потым выбірала паміж двума, бо ў трэцім на роды можна было браць з сабой толькі аднаго чалавека, а мне было трэба, каб побач былі муж і доўла. Дарэчы, для гэтага тут не трэба збіраць шмат паперак.
Таксама вельмі добра, што ў Польшчы жанчына самастойна можа выбіраць, у якой позе нараджаць, калі няма нейкіх медыцынскіх перашкод. Я выбрала нараджаць у вадзе. Ведаю, што ў Беларусі дагэтуль часта кажуць нараджаць на спіне.
Калі я прыехала ў радзільны дом, дала дактарам план родаў, які загадзя падрыхтавала. Мне пашанцавала — роды прайшлі так, як я хацела. Калі б падчас цяжарнасці былі нейкія праблемы, або воды адышлі б зялёныя, альбо я захацела абязбольванне падчас схватак, нараджаць у вадзе не дазволілі б.
Лічу, што план родаў – гэта must-have, і ў сучасным свеце ён павінен практыкавацца паўсюль. На курсах у шпіталі нам распавядалі, што трэба загадзя распісаць, якія працэсы ў родах прымармальныя для жанчыны, а якія – не. Каб усё было камфортна для яе і каб не вытрачаць на гэта час ужо ў саміх родах.

Свой план я складала разам з доўлай — гэта навучаная памочніца, якая аказвае рознага роду падтрымку падчас цяжарнасці, родаў і пасля нараджэння дзіцяці.
Я выбірала базавы пакет паслуг: у яго ўваходзіла некалькі сустрэч перад родамі, на якіх мы пазнаёміліся, склалі план, яна патлумачыла мужу, як ён можа дапамагаць у працэсе саміх родаў, потым — суправаджэнне, калі яны адбываюцца, і адзін візіт дадому пасля іх. Такі пакет каштаваў каля 600 долараў.
Пасля родаў у Польшчы таксама прадугледжана 6-8 візітаў акушэркі з паліклінікі. Яна прыходзіць, правярае дзіця — як яно расце, набірае вагу, ці ўсё добра са скурай. Таксама правярае, як пасля родаў аднаўляецца маці.
Дзякуючы пазітыўнаму досведу родаў Наталля таксама захацела стаць доўлай. Калі яе дачцэ споўнілася паўгода, жанчына пайшла вучыцца ў паліцэальную школу. Навучанне каштавала 2000 злотых (каля 1580 беларускіх рублёў).
— Тэрмін навучання — год. Але ўжо ў працэсе я магу суправаджаць жанчын падчас родаў, бо маю пасведчанне, што праходжу падрыхтоўку. Пакуль гэта для мяне як практыка, таму бяру невялікія грошы.
Апроч гэтага, у мяне ёсць свой тэлеграм-чат прыкладна на 100 чалавек, у які ўваходзяць маладыя мамы, і тэлеграм-канал, дзе я дзялюся рознай інфармацыяй пра цяжарнасць і роды ў Польшчы. Таксама час ад часу праводжу бясплатныя сустрэчы, дзе дзялюся сваім досведам і адказваю на пытанні.
Ведаеце, вельмі важна, каб побач былі людзі, якім будзе цікава з табой праводзіць час. Я разумею, што маім сяброўкам, у якіх або ўжо дарослыя дзеці, або іх няма, будзе не вельмі цікава слухаць пра мацярынства. Таму я і стварыла такое асяроддзе, дзе мы падтрымліваем адна адну і распавядаем тое, што ведаем.
У мяне ўвогуле вельмі станоўчы досвед мацярынства. Здаецца, што ў Варшаве для гэтага створаны ўсе ўмовы. У гандлёвых цэнтрах ёсць пакоі, дзе можна пакарміць або пераапрануць дзіця. Апроч таго, можна нават у публічным месцы пакарміць дзіця грудзьмі, і ніхто коса не паглядзіць.
Ёсць таксама кавярні, куды можна прыйсці з дзецьмі: пакуль бацькі размаўляюць і п’юць каву, дзеці гуляюць з класнымі цацкамі, поўзаюць.
Да таго ж тут добрая гарадская прастора. Ёсць магчымасць ездзіць з каляскай у метро, бо паўсюль ёсць ліфты, і ў аўтобусах, бо ў іх нізкая падлога. Сяброўкі, якія перыядычна ездзяць у Беларусь, распавядаюць, што там даводзіцца цягаць каляску на сабе, а гэта нялёгкая трэніроўка.
Што тычыцца грошай, то дзіця з першага месяца жыцця можа атрымліваць грашовую падтрымку ў 800 злотых (каля 630 рублёў — С.) і да 18 гадоў. Калі маці афіцыйна працавала, то яна таксама атрымлівае дэкрэтныя выплаты ў залежнасці ад тыпу дамовы на працы.
Хто мае кантракт, атрымлівае 80% сярэдняга заробку за год (пры заяве на ўвесь дэкрэт адразу) або 100% за першыя 20 тыдняў і 70% далей. Беспрацоўныя або работнікі па дамове падраду могуць атрымліваць фіксаваныя 1000 злотых (каля 790 рублёў) у месяц.
