Беларуска з двума дзецьмі ў Польшчы ўражаная, колькі людзей адгукнуліся на яе гісторыю і дапамаглі

«Я цяпер магу не толькі выжываць, але і хоць крыху выдыхнуць».

Фота з фэйсбуку Аляксандры

Некалькі дзён таму «Наша Ніва» распавяла гісторыю беларускі Аляксандры Крук — маці двух дзяўчынак, якая апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі і была вымушаная прасіць дапамогі.

Аляксандра з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе — цяжарная, з адным дзіцём на руках і адным чамаданам. У Польшчы яна пачынала жыццё з нуля: нарадзіла другую дачку, перажыла анкалогію, развод і зацяжную барацьбу за аліменты ад былога мужа.

Сёння яна жыве ў Гданьску і зноў апынулася ў цяжкай сітуацыі: уладальнікі кватэры папрасілі яе з’ехаць. Аляксандры трэба было тэрмінова разлічыцца з даўгамі, знайсці новае жыллё, арганізаваць пераезд і хаця б крыху часу, каб аднавіцца.

На гэты заклік адгукнулася шмат людзей. Такая хваля падтрымкі і салідарнасці вельмі ўразіла і кранула Аляксандру. Публікуем яе словы ўдзячнасці чытачам «Нашай Нівы».

«Калі выходзіў тэкст, я не ведала, што будзе далей.

Я проста была ў сітуацыі, калі не разумееш, дзе будзеш жыць заўтра, як аплаціць кватэру і што рабіць, калі стане горш са здароўем. Я прасіла дапамогі і не ведала, ці нехта адгукнецца.

Адгукнуліся.

У дзень выхаду маёй гісторыі шмат хто рабіў рэпосты ў фэйсбуку, дапамога ішла з розных бакоў. У выніку сабралася каля 15 тысяч злотых (12 тысяч рублёў ці 3500 еўра — НН), і гэта падтрымка ад вельмі многіх людзей.

Першае, што я зрабіла, — аплаціла новую кватэру і цалкам разлічылася за старую. Гэта было самае важнае: зразумець, што ў нас цяпер ёсць дах над галавой.

Але разам з гэтым прыйшло яшчэ нешта вельмі важнае — магчымасць паправіць сваё здароўе.

Цяпер я планую шпіталізацыю. Раней я адмаўлялася, бо не мела выбару: не было з кім пакінуць дзяцей і не было разумення, дзе мы будзем жыць, як і на што, калі я лягу ў бальніцу. Цяпер гэты выбар з’явіўся. І нават знайшлася дзяўчына, якая гатовая прыехаць і пажыць з маімі дзецьмі, пакуль я буду ў бальніцы. Грошы, якія засталіся ад збору, я выкарыстаю на арэнду жылля на час лячэння.

Мне вельмі хацелася сказаць галоўнае.

Я вельмі ўдзячная вам.

За клопат. За тое, што вы далі мне магчымасць аднавіцца і далей клапаціцца пра маіх дзяцей. За тое, што я цяпер магу не толькі выжываць, але і хоць крыху выдыхнуць.

Мяне вельмі прыемна здзівілі чытачы «Нашай Нівы» — сваёй спагадлівасцю, дабрынёй і разуменнем. Дзякуй вам вялікі».

Калі вы таксама хацелі б яшчэ падтрымаць Аляксандру, гэта можна зрабіць так:

Blik: +48 791 547 275, пазначайце darowizna

Aliaksandra Kruk

Revolut: LT60 3250 0370 8648 5162

Aliaksandra Kruk

PayPal: sanechka147@gmail.com

nashaniva.com