Грошы для віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай сабралі за 3 дні

Блогерка Алена Янушкоўская. Фота: БАЖ

Жанчына прасіла грашовай дапамогі, каб прайсці медычны агляд і пацвердзіць інваліднасць, якую ёй далі яшчэ ў Беларусі. На гэта было неабходна 5 700 злотых, але за 3 дні для віцебскай блогеркі сабралі амаль 7 000.

Алена Янушкоўская абвясціла пра закрыццё збору: 

«Мае любімыя беларусы! Сябры! У мяне проста няма слоў. Вы ў чарговы раз праявілі сілу салідарнасці. Кожны ваш злоты — гэта мой шанец на падтрымку і жыццё без болю».

У Варшаве 60-гадовая Алена Янушкоўская апынулася ў 2021‑м – уцякла з Беларусі, дзе супраць яе распачалі некалькі крымінальных спраў. Такую «увагу» яна заслужыла тым, што ў сваім відэаблогу распавядала пра праблемы вяскоўцаў, брала ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі, у 2020‑м вяла стрымы з вулічных шэсцяў.

Жанчыну шмат разоў каралі штрафамі і арыштамі. У 2024 г. беларускія улады прадалі яе адзінае жытло — хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна — дзеля кампенсацыі прысуджаных штрафаў.

baj.media