
У Беларусі беларусы ўвесь час змагаліся за сваю волю. І гэта барацьба пачалася не ў 2020 годзе, а значна раней. Такі пасыл агучыла галоўная гераіня кнігі амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — беларуская журналістка і палітык Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя’97». 22 красавіка ў візіт-цэнтры Сейма Літвы ў Вільні прайшла прэзентацыя гэтага выдання.
У кнізе гісторыя сучаснай Беларусі расказваецца праз яе лёс, ад пратэстаў сярэдзіны 1990-х гадоў да сённяшніх дзён.
Як кажа Наталля Радзіна, яе асабістая гісторыя вельмі звязаная з дыктатурай у Беларусі:
– У 1996 годзе, калі ў Беларусі адбыўся пераварот, і Лукашэнка ўзурпаваў уладу, мне было 17 год, я прыехала ў Менск са свайго роднага горада Кабрына і паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта. І адразу пайшла працаваць у незалежную прэсу і стала сведкам усіх наступных падзеяў. Я бачыла гэтае беларускае змаганне за волю, якое адбывалася амаль адразу пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады.
Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» распавядае пра барацьбу за свабоду, палітычныя рэпрэсіі, забойствы, арганізаваныя рэжымам Лукашэнкі, пра турму, пераслед і неверагодны ўцёк галоўнай гераіні ад КДБ. Кніга выйшла ўжо на трох мовах – беларускай, расейскай і ўкраінскай. Рыхтуюцца пераклады на польскую, ангельскую, эстонскую, магчыма, і на літоўскую.







