
Спявачка і вядоўца Кацярына Ваданосава пакінула спіс Латушкі і “За свабоду” на выбарах у Каардынацыйную раду.
Выбарчая камісія КР зацвердзіла гэтае рашэнне на пасяджэнні 23 красавіка. Заяву і выпраўлены спіс унёс лідар спісу Юрась Губарэвіч. Абноўлены спіс неўзабаве будзе апублікаваны на сайце Кардынацыйнай рады і платформе “Тры сланы”.
Ваданосава была дэлегаткай КР III склікання. Прычына яе адмовы ад выбараў не называецца.
Цяпер у спісе “За свабоду” застаецца 37 чалавек. На мінулых выбарах у КР каманда Паўла Латушкі і Руху “За свабоду” набрала 35% галасоў, апярэдзіўшы ўсіх.
У сваім акаўнце ў Фэйсбуку Ваданосава 24 красавіка патлумачыла, што яе рашэнне звязанае з патрабаваннем працадаўцы:
“Гэтым разам адным з маіх працадаўцаў (а ў мяне некалькі прац, як вы, напэўна, ведаеце) да майго сведчання было даведзена, што мой удзел у любога кшталту палітычнай дзейнасці можа быць успрыняты негатыўна, і я магу быць абвінавачаная ў прадузятасці і ангажаванасці.
Паколькі я ніколі не выкарыстоўвала сваё службовае становішча ў якасці інструмента ўплыву, а таксама паколькі я лічу, што такія (нават гіпатэтычныя) абвінавачванні могуць паўплываць на маю годнасць і рэнамэ, то вымушаная адклікаць сваю кандыдатуру з выбарчага спісу”.
