26 красавіка ў Беластоку прайшла акцыя «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваная да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Удзельнікі нагадалі, што катастрофа 1986 года стала адной з найбуйнейшых тэхнагенных трагедый у гісторыі і найбольш закранула Беларусь і Украіну, паўплываўшы на лёсы мільёнаў людзей.

Падчас акцыі выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары Антон Галавач, які падкрэсліў маштаб наступстваў аварыі для Украіны:
– Сапраўды вельмі высокая пагроза, таму што, чымбольш Расея будзе загнаная ў глухі кут, тым больш яна будзе правакаваць больш экстрэмальныямі дзеяннямі. Україна – адна з краін, якая атрымала больш за ўсё радыяцыі. Беларусь таксама, трэць краіны яе закрыта пасля Чарнобыльскай аварыі.
Разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі распавёў пацярпелы ад радыяцыі Аляксей Раманаў:
– Непосрэдна я захварэў ракам, мне зрабілі вельмі складаную аперацыю, у мяне была другая група інваліднасці, але потым у 2020 годзе якраз у сувязі з тым, што я выступаў супраць Лукашэнкі, пазбавілі групы, пасадзілі.
– Была хлусня такая, народ пацярпеў, ніхто не ведаў, што там адбывалася. У нас ёсць інтэрнэт, і мы ведаем, што адбываецца. А тады ніхто не ведаў, людзі ішлі на парад.
– Веткаўскім дзецям выдалялі шчытападобную залозу яшчэ ад нараджэння. Улады і Лукашэнка – сапраўдныя злачынцы.
– Для беларусаў і ўкраінцаў такая з’ява, як Чарнобыль назаўжды засталася ў генетычным кодзе.
Падчас выступаў гучалі заявы пра небяспеку развіцця ядзернай інфраструктуры ў Беларусі, размяшчэння на тэрыторыі краіны расейскай ядзернай зброі і пашырэння ваеннай інфраструктуры. Акцыя «Чарнобыльскі шлях» у скверы Вольнай Беларусі каля Консульства Рэспублікі Беларусь сабрала прадстаўнікоў беларускай дыяспары і неабыякавых жыхароў горада, агулам 20 чалавек.






