
У Варшаве вярнулі традыцыю Чарнобыльскіх маршаў 26 красавіка, якія праводзіліся ў Беларусі 30 гадоў запар з нагоды выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Больш за 100 чалавек сабраліся ля помніка Каперніка, дзе адбыўся мітынг, а потым людзі прайшлі маршам да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.
Гаворыць адзін з аганізатараў Марша Вячаслаў Сіўчык:
– Мітынг і шэсце ў Варшаве прысвечаныя не толькі памяці беларусаў, якія пацярпелі ад гэтай тэхнагеннай катастрофы, так і ад камуністычнай хлусні, але ж тут мы будзем падтрымліваць беларускіх палітвязняў, таму што ў Беларусі і сёння гуманітарная катастрофа і людзей штодзённа арыштоўваюць. Мы таксама будзем падтрымліваць Украіну.
Падчас мітынгу выступілі таксама Павел Латушка (намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета), Франак Вячорка і ксёндз Вячаслаў Барок.
Яны патрабавалі спыніць пабудову Беларускай АЭС, не дапусціць размяшчэння расейскай ядзернай зброі і палітычных змен. Падтрымаць беларусаў акрамя ўкраінцаў прыйшлі палякі і чачэнцы.





