Баксэрам зь Беларусі і Расеі дазволілі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах у статусе нэўтральных

Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing), якая рэгулюе аматарскі бокс, дапусьціла баксэраў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу міжнародных спаборніцтвах у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, гэта азначае, што беларусы і расейцы ня змогуць выступаць пад дзяржаўным сьцягам, у нацыянальнай форме, а ў выпадку перамогі пад час цырымоніі ўзнагароджаньня ня будзе гучаць дзяржаўны гімн.

У той жа час, допуску да ўдзелу ў спаборніцтвах, арганізаваных World Boxing і European Boxing, будзе папярэднічаць праверка спартоўцаў.

Трэнэры, дапаможны пэрсанал і афіцыйныя асобы каманд таксама павінны будуць насіць нэўтральную форму, якую неабходна будзе прадставіць World Boxing перад спаборніцтвамі для яе зацьвярджэньня.

Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing) была створаная ў 2023 годзе. Гэта новая спартовая арганізацыя займаецца кіраваньнем аматарскага боксу і накіроўвае сваю дзейнасьць на захаваньне яго ў праграме Алімпійскіх гульняў. Арганізацыя зьявілася як альтэрнатыва Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) праз праблемы з празрыстасьцю ў IBA і атрымала часовае прызнаньне Міжнародным алімпійскім камітэтам. Арганізацыю ачольвае казахстанскі баксэр Генадзь Галоўкін.

svaboda.org