
Сустрэчы Святланы Ціханоўскай на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване маюць важнае значэнне для беларускіх дэмакратычных сіл. Пра гэта заявіў дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі. Паводле яго слоў, гаворка ідзе не проста пра шэраг двухбаковых кантактаў, а пра замацаванне суб’ектнасці беларускіх дэмсіл на міжнароднай арэне і іх прызнанне як паўнавартаснага палітычнага партнёра.
– Без перабольшвання я лічу, што візіт у Арменію, у Ерэван Святланы Ціханоўскай можна назваць гістарычным. Той шлях, па якім мы ідзем зараз, і Арменія, і Беларусь, – гэта шлях у Еўропу. Была кароткая, але вельмі цёплая размова з прэм’ер-міністрам Польшчы, Святлана Ціханоўская перадала віншаванні з вызваленнем нашага супольнага героя – Анджэя Пачобута.

Асобна Кучынскі падкрэсліў, што важным практычным вынікам перамоваў стала дамоўленасць пра падрыхтоўку візіту Ціханоўскай ва Украіну.
– Гэты візіт быў важны для камунікацыі і працягу той працы, якую мы вядзем з Украінай. І тая размова, якая адбылася з міністрам замежных спраў Андрэем Сібігам, а таксама з ягонай камандай, я думаю гэта было вельмі важна. Дамовіліся пра дэталі візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў.
Асобным блокам Кучынскі вылучыў сустрэчы ў Арменіі, звязаныя з пытаннем прававога статусу беларусаў. Паводле яго, у Ерэване адбыліся перамовы вакол магчымасцяў паляпшэння ўмоваў знаходжання беларусаў у краіне, у тым ліку ў кантэксце легалізацыі і прававых гарантый, а таксама недапушчэння затрыманняў.



racyja.com,
фота Офіс Святланы Ціханоўскай
