Легалізацыя беларусаў ва Украіне застаецца праблемнай

Беларускія добраахвотнікі з траўня 2026 года змогуць атрымаць украінскае грамадзянства пасля году службы. Такі закон быў прыняты Вярхоўнай Радай. Пры гэтым, як адзначыла кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна, застаюцца ў легалізацыі беларусаў і цяжкасці.

– Ёсць вельмі вялікая небяспека, бо да 3 жніўня трэба аднавіць дазволы на часовае знаходжанне ва Украіне. Каля трох тысяч беларусаў маюць часовыя дазволы, але колькі з іх маюць рэальныя дзеючыя пашпарты – мы не ведаем. Гэта вельмі важнае пытанне, і мы зараз рыхтуем ліст да Вярхоўнай Рады, каб зразумець, што будзе адбывацца з тымі беларусамі, у якіх пашпарт ужо не дзейсны, а адным з дакументаў, які трэба прынесці ў міграцыйную службу – гэта дакумент, які пацвяржае асобу, то бок, пашпарт.

Пры гэтым Святлана Шаціліна адзначае агульнае пацяпленне стасункаў паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Кіевам.

racyja.com