Абвешчаны сёлетні кароткі спіс прэміі Наталлі Арсенневай

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў назвалі кнігі, што ўвайшлі ў кароткі спіс паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай (за выданні 2025 года).

Сёлетні паэтычны сезон засведчыў не толькі разнастайнасць галасоў, але і глыбіннае адчуванне часу, у якім «немагчыма не быць», а слова робіцца спосабам існавання, калі аўтары «аднаўляюць сябе моваю» і шукаюць новыя формы прысутнасці ў свеце. У гэтай прасторы паэзія адкрываецца як «агромністы кавалак сусвету», дзе асабістае і агульнае, памяць і досвед сучаснасці пераплятаюцца ў адзіны тэкст.

У кароткі спіс увайшлі 3 паэтычныя кнігі:

«Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў (Янушкевіч, 2025)

«Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)

«Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)

З кожным днём мы набліжаемся да даты ўзнагароджання. Запішыце ў календары: 27 траўня, а 19:00, у гасцінным Новым Тэатры ў Варшаве адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй Наталлі Арсенневай.

Чакаем разам – у прасторы, дзе слова набывае сілу і яднае людзей.

Журы прэміі

Сёлета ў складзе журы – пяць галасоў, кожны з уласным досведам чытання і разумення паэзіі. Разам ім належыць прайсці шлях ад першага ўражання да ўдумлівага, уважлівага перачытвання, каб вызначыць паэтычную кнігу года.

Сярод публічных сябраў журы:

Андрэй ХадановічПаэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар  беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай  моў.

Дар’я БялькевічПаэтка, перакладчыца, аўтарка песень, арт-менеджарка. Лаўрэатка прэміі Наталлі Арсенневай, рэдактарка паэтычных кніг, вядоўца літаратурнага падкасту «Спіс на лета». Удзельніца міжнародных літаратурных фестываляў і рэзідэнцый.

Віталь РыжкоўПаэт, перакладчык, арганізатар літаратурных праектаў. Лаўрэат прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф», удзельнік міжнародных паэтычных форумаў.

Наста Кудасава
Паэтка, перакладчыца. Лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова, прэміі Беларускага ПЭНа «Кніга году» і іншых літаратурных узнагарод. Аўтарка сямі паэтычных кніг, удзельніца міжнародных літаратурных праектаў.

penbelarus.org