
У Беластоку ў капліцы пры рыма-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гвадэлупы, дзе штонядзелю праводзяцца беларускамоўныя набажэнсты, адбылася святая імша ў інтэнцыі загінулага беларускага палітвязня Вітольда Ашурка, на 5 гадавіну яго пакутніцкай смерці ў засценках Шклоўскай карнай калоніі.
Гаворыць Сяргей Пантус – сябра і паплечнік Вітольда Ашурка:
– Вітоль быў нашым сябрам, таму ўсе ягоныя сябры прыйшлі сёння на імшу. Узгадалі Вітольда, памаліліся за яго спачын. Гэта важна вельмі – памятаць Вітольда. Пакуль мы памятаем – ёсць спадзеў на перамены ў будучыні.
Вітольд Ашурак – грамадскі і палітычны актывіст з горада Бярозаўка. Быў у чарговы раз арыштаваны ў верасні 2020 года. У студзені 2021 года засуджаны суддзём Максімам Філатавым да 5 гадоў зняволення. 21 траўня таго ж года стала вядома, што Вітольд загінуў у засценках Шклоўскай карнай калоніі. Абставіны яго гібелі засакрэчаныя дагэтуль. Аднак стан выданага цела памерлага і шматлікія сведчанні палітвязняў, якія ў той час знаходзіліся ў гэтай калоніі, толькі пацвярджаюць тое, што Вітольд Ашурак быў закатаваны на смерць супрацоўнікамі дадзенага рэжымнага аб’екта.



