
З гэтай прычыны ўдзень 13 траўня могуць быць затрымкі рэйсаў.
У Віленскім аэрапорце паведамілі, што ў ноч на 13 траўня на гадзіну спынялі працу праз «гібрыдную атаку Беларусі супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і насельніцтва».
Як адзначаецца ў паведамленьні, працу аэрапорту спынялі, бо ў зонах рызыкі для авіяцыі зафіксавалі навігацыйныя сыгналы, характэрныя для балёнаў.
Ад абмежаваньня паветранай прасторы пацярпелі два рэйсы і 128 пасажыраў, якія былі ў самалётах. Адзін рэйс мусілі перанакіраваць у аэрапорт Капэнгагену (Данія), а другі рэйс— скасаваць. У аэрапорце папярэдзілі, што 13 траўня магчымыя затрымкі асобных рэйсаў, бо экіпажы не змаглі правесьці ратацыю.
Чаму гэта важна
Балёны, пераважна ў Віленскім аэрапорце, але таксама і ў Ковенскім, летась парушылі графік больш за 370 рэйсаў, што закранула 53 000 пасажыраў і прывяло да закрыцьця лётнішчаў амаль на 60 гадзін. Агульныя страты ў выніку гэтых інцыдэнтаў перавысілі 2,3 мільёна эўра.
Летась у сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў надзвычайнае становішча з гэтай прычыны. Была часова закрытая ў кастрычніку мяжа зь Беларусьсю. Тады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных балёнах займаюцца літоўскія грамадзяне. Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюгаў», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.
Сёлета ў лютым Літва падала Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) доказы інцыдэнтаў, выкліканых кантрабандысцкімі балёнамі, якія запускаюць зь Беларусі.
Апошнія інцыдэнты з паветранымі балёнамі фіксавалі сёлета ў красавіку.
