У Кіеве ад расейскага ўдару абрынуўся жылы дом, ёсьць загінулыя і параненыя. Дроны з Расеі ляцелі празь Беларусь

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 14 траўня 2026 году

Расейскія войскі бесьперапынна аткавалі Ўкраіну зь вечара 12 траўня, выкарыстоўваючы ўвесь арсэнал зброі — ракеты, дроны, артылерыю і баявую авіяцыю.

Найбольш пацярпелі заходнія рэгіёны Ўкраіны. Праз удар па Закарпацьці, якое мяжуе з Вугоршчынай, міністарка замежных справаў краіны Аніта Орбан выклікала расейскага пасла ў Будапэшце. З гэтай жа прычыны Славаччына закрывала мяжу з Украінай.

Дроны, якімі расейскія войскі атакавалі Ровенскую і Жытомірскую вобласьці, ляцелі над тэрыторыяй Беларусі.

У памежных зь Беларусьсю вобласьцях ёсьць загінулыя і параненыя

У Ровенскай вобласьці чатыры чалавекі атрымалі раненьні і тры загінулі. Пад ударам была сацыяльная інфраструктура.

У Жытомірскай вобласьці — два чалавекі атрымалі раненьні, пашкоджана цывільная і транспартная інфраструктура ў некалькіх раёнах.

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што сама меней тры расейскія дроны заляцелі ў гэтыя рэгіёны праз тэрыторыю Беларусі, два зь іх зафіксавалі недалёка ад Брагіна Гомельскай вобласьці.

Увечары 13 траўня ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны пацьвердзілі гэтую інфармацыю. «Асноўны кірунак удару — заходнія рэгіёны краіны. Асаблівасьць атакі — праціўнік чарговы раз выкарыстаў тэрыторыю Беларусі і Малдовы для пралёту ўдарных БПЛА ў бок Украіны», — сказана ў афіцыйным паведамленьні.

У Кіеве шукаюць людзей пад заваламі зьнішчанага расейскім ударам жылога дому

У сталіцы Ўкраіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 5 зь 10 адміністрацыйных раёнаў. У Дарніцкім раёне ў выніку ўдару абрынуліся канструкцыі шматпавярховага жылога дому. Гарадзкія ўлады паведамілі, што раненьні і траўмы атрымалі сама меней 40 чалавек, у тым ліку месячнае немаўля. Паводле папярэдніх зьвестак, пяць чалавек загінулі, больш за 10 лічаць зьніклымі бязь вестак.

У іншых раёнах Кіева таксама пацярпелі жылыя дамы, вэтэрынарная клініка, гарэлі аўтамабілі.

У Кіеўскай вобласьці ад удару пацярпелі пяць раёнаў. Удары наносіліся па жылым сэктары, прадпрыемствах і гаспадарчых пабудовах. Сем чалавек атрымалі раненьні.

У Івана-Франкоўску пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку два падлеткі. Улады паведамілі аб пацэльваньні ў шматпавярховы дом у цэнтры гораду, а таксама ў гаспадарчыя пабудовы.

Пацярпела энэргетычная інфраструктура, а таксама порт у Чарнаморску Адэскай вобласьці.

За апошнія два дні па Ўкраіне запусьцілі амаль 1,5 тысячы дронаў

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што з ночы 12 траўня да вечара 13 траўня расейскія войскі атакавалі краіну 892 ударнымі дронамі.

Зь вечара 13 траўня да раніцы 14 траўня ва Ўкраіне зафіксавалі прылёты 675 дронаў і 56 ракет. Асноўны кірунак удару — Кіеў.

Згодна з інфармацыяй на раніцу, сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 41 ракету і 652 бесьпілётнікі. 15 ракет і 23 дроны пацэлілі па 24 лякацыях.

Атака працягваецца дагэтуль.

svaboda.org