У Бруселі прайшоў пікет супраць вайны ва Украіне і тэрору ў Беларусі

Па ініцыятыве актывістаў Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання ў сталіцы Бельгіі каля амбасады Рэспублікі Беларусь адбыўся пікет супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне і саўдзеле ў ёй беларускага боку. А таксама супраць акцый запалохвання і тэрору з боку рэжыму ў дачыненні да беларусаў замежжа, якія выступаюць супраць вайны і падтрымліваюць Украіну.

Пра рэакцыю на пікет з боку мясцовага грамадства гаворыць яго арганізатар – актывіст беларускай дыяспары з Антверпена Зміцер Піменаў:

– Людзі з вялікай цікавасцю падыходзілі. Спрабавалі з намі размаўляць. Мы не ўбачылі ніводнай негатыўнай рэакцыі да нашага пікету. Людзі праяўлялі салідарнасць. На сённяшні дзень, я бачу, гэта быў самы насычаны пазітыўнымі рэакцыямі да пікетоўцаў з пэўнымі пазітыўнымі пасыламі. Гэта было вельмі прыемна. Я лічу што падобныя пікеты праводзіць каля амбасады трэба.

Акрамя беларусаў з салідарнасці акцыю падтрымалі і прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.
А каб прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да патрабаванняў пікету сярод іх раздаваліся інфармацыйныя бюлетэні на французскай і ангельскай мовах.

Тэкст звароту

Беларускія палітычныя ўцекачы не маюць маральнага права заставацца абыякавымі, калі суседні народ стаў ахвярай агрэсіі Расеі.

Палітычныя эмігранты, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз пераслед за свае палітычныя погляды і грамадзянскую пазіцыю, добра разумеюць, што такое дзяржаўны тэрор, прапаганда і страх. Менавіта таму многія беларусы ў эміграцыі дапамагаюць Украіне ў гуманітарных ініцыятывах, удзельнічаюць у акцыях салідарнасці, падтрымліваюць украінскі народ і ЗСУ.

За гэтую салідарнасць беларускі рэжым пачаў новы этап рэпрэсій. Супраць палітычных актывістаў заводзяцца крымінальныя справы па абвінавачванні ў “экстрэмізме”. Гэтыя артыкулы выкарыстоўваюцца як інструмент палітычнага пераследу людзей, якія адкрыта выступаюць супраць расейскай агрэсіі і падтрымліваюць Украіну.

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх антываенную пазіцыю яшчэ раз пацвярджаюць: рэжым Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіўнай палітыкі Крамля. Падтрымка расейскай вайсковай машыны, удзел у гібрыднай агрэсіі і пераслед уласных грамадзян за салідарнасць з Украінай робяць рэжым у Менску партнёрам крамлёўскіх генералаў і спецслужбаў.

Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны беларускія палітычныя актывісты папярэджвалі: прагматычныя адносіны з рэжымам Расеі і талерантнасць да імперскай агрэсіі могуць прывесці да вайны супраць Украіны і пагрозы для ўсёй Еўропы.

Сёння мы не маем права талераваць зло і заставацца нейтральнымі. Нейтральнасць перад агрэсіяй — гэта маўклівая падтрымка агрэсара.

Таму мы заклікаем жыхароў Еўропы праяўляць салідарнасць з народам Украіны, падтрымліваць беларускіх палітычных уцекачоў, якія выступаюць супраць вайны, і патрабаваць ад сваіх урадаў больш рашучай дапамогі Украіне.

Бо абарона Украіны — гэта абарона свабоды, чалавечай годнасці і будучыні ўсёй Еўропы.

Слава Украіне!

Жыве Беларусь!

Юрась Дзяшук, racyja.com