
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі выпусціў даследаванне пад назвай «Палата №38»: канвеер катаванняў у Беларусі». У гэтым дакументальным даследаванні аналізуецца сістэма гвалту ў краіне са жніўня 2020 па 2025 год і фіксуецца эвалюцыя метадаў падаўлення грамадзянскай супольнасці.
Паводле аўтаркі даследавання, дакументалісткі Вольгі, назва даследавання абраная невыпадкова, на самой справе ў Беларусі існуе так званая «Палата №38», куды людзей у зняволенні адпраўляюць паміраць:
– У СІЗА на Валадарцы існавала такая «Палата №38» – гэта палата, куды змяшчалі людзей, якіх пакідалі там паміраць без аказання належнай медычнай дапамогі, дзе людзей утрымлівалі ў вельмі жорсткіх, нечалавечых умовах, дзе людзі вар’яцелі, дзе людзі стагналі і паміралі ад болю. У самым дрэнным фільме жахаў нават такое прыдумаць складана.
Як зазначае Вольга, для гэтага даследавання яна вывучыла 55 кейсаў людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі. Мэта гэтага даследавання паказаць і зафіксаваць тое, што робіць з беларусамі рэжым Лукашэнкі:
– Што адбываецца там за кратамі – гэта і катаванні, і зверствы, і мне падаецца, што ўсе віды катаванняў, якія толькі можна прыдумаць, мы зафіксавалі. Так як я з’яўляюся аўтаркай гэтага даследавання, мне было цікава – адкуль гэта ўсё ўзялося ў гэтых нашых людзей, якія раслі і жылі побач з намі, у гэтых катаў. І высветлілася, што ўсе яны працуюць па метадычцы савецкіх часоў.
У ходзе даследавання «Палата №38»: канвеер катаванняў у Беларусі» былі зафіксаваны і класіфікаваны розныя формы фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння, якія прымяняюць сілавікі ў дачыненні да беларсаў, у тым ліку сексуялізаванае катаванне і пакаяльнае відэа.
Азнаёміцца з даследаваннем цалкам можна на сайце Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі.
