У агульным доступе да ўнікальных сведчанняў пра жыццё Гарадзеншчыны XIX стагоддзя.
Ініцыятыва MALDZIS ажыццявіла алічбаванне набытага сёлета на аўкцыёне ў Польшчы старадаўняга капіярыя – рукапіснага зборніка службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах на Гарадзеншчыне.
Працы па сканаванні былі выкананыя ў Лодзі прадстаўнікамі спецыялізаванай кампаніі – Пятром Скандальскім і Мацеем Невядомскім – дзякуючы падтрымцы рэгулярных ахвярадаўцаў ініцыятывы MALDZIS. Ініцыятыва выказвае таксама шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі алічбавання Алене Шаркевіч.
Кожная старонка старадаўняга зборніка вымагала далікатнага падыходу. У выніку атрымаўся PDF-файл памерам 1,7 ГБ – такі аб’ём звязаны з тым, што файл захаваны ў вельмі высокай якасці. Дзякуючы гэтаму ён добра надаецца для падрабязнага вывучэння.
Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:
“Алічбаваныя архівы перастаюць быць недасяжнай рэдкасцю, схаванай у адзінкавым экзэмпляры. Яны становяцца агульным здабыткам – гісторыкі, краязнаўцы, даследнікі і проста цікаўныя людзі з любога кутка свету могуць працаваць з імі ў любы час. А значыць, імёны мясцовых жыхароў, сямейныя гісторыі, штодзённыя падзеі ваколіц Горадні XIX стагоддзя выходзяць з нябыту і вяртаюцца ў жывую памяць”.

MALDZIS запрашае ўсіх ахвотных пагартаць алічбаваную кнігу. Калі вы заўважыце імя, якое мае важнае гістарычнае ці культурнае значэнне, цікавы факт, незвычайную нататку ці нешта, што заслугоўвае ўвагі, – напішыце ім. Кожная знаходка дапаможа лепш зразумець наша мінулае.
У хуткім часе архіў чакае яшчэ адзін важны этап – рэстаўрацыя, пра якую мы паведамім асобна.
Нагадаем, што капіярый быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага. У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца – у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.
