Вольга Нікалайчык: «Усё больш надзеі зараз з’яўляецца. Але ж змяніць гэты імперскі свет — цяжкі шлях»

Як Пётр Марцаў запрасіў стаць прадзюсеркай «Звычайнага прэзідэнта», пра 100 арыштаў, карцар і знаёмства з Анжалікай Мельнікавай, «Салідарнасці» распавяла рэжысёрка і актывістка Вольга Нікалайчык.

Фоты з архіву суразмоўніцы

Вольга змагалася за свабоду Беларусі і да 2020-га. Ладзіла мітынгі ў Курапатах, каля расейскай амбасады. Пасля 2020-га апынулася ў Бельгіі, дзе больш за два з паловай гады правяла ў лагеры ўцекачоў.

— Два гады таму ў Беларусі на мяне завялі крымінальную справу за тое, што балатавалася ў Каардынацыйную раду. Тэрмін штосьці ажно да пажыццёвага, бо «спроба захопа ўлады» (усміхаецца). А экстрэмісткай дык я адразу стала.

У апазіцыю Вольга патрапіла ў 96-м, калі стала выканаўчай прадзюсеркай фільма Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт»:

— Ініцыятарам праекта быў знакаміты Пётр Марцаў, стваральнік газет «БДГ» і «Імя». Мне было 26. Цэлае жыццё, уся мая прыгажосць прайшлі ў змаганні за свабоду (смяецца). І, не дай Божа, я не марыла з’ехаць. Магла ж у любы час, і замуж, бо была прыгожая, метр восемдзесят, ногі ад вушэй. Але ж у мяне былі талент і сувязі, я была паспяховым прадзюсерам. У свой час разам з Хашчавацкім зрабілі ды паказалі дэмакратычным расейскім СМІ і Еўропе фільм пра Чарнобыль «Аазіс». Яшчэ і зарабілі на ім. Марцаў пабачыў ды паклікаў мяне ў свой новы праект з Хашчавацкім.

Вымушаную эміграцыю Вольга ўспымае як выгнанне. Кажа, калі б не з’ехала, атрымала б вялікі тэрмін. Бо ў 2020-м прымала ўдзел у дваравых акцыях праз канспіратыўны ланцуг. Яны былі як рэха, калі людзі не маглі спыніцца ды паверыць, што ўсё скончылася.

— Людзі выходзілі ўвечары, на 10 хвілін, праходзілі па раёне, у розных кропках з крыкамі «Жыве Беларусь!» І знікалі. Я пераапраналася ў старуху, у масцы ды акулярах, капялюшы. Маміна сястра аддала паліто, боты старыя. Мяне было не пазнаць, баба бабай.

Калі бачыла мянтоў, кульгаць пачынала, ці торбы нібыта цяжкія цягну, сагнуся. Я ж яшчэ і актрыса добрая (усміхаецца).

Але ж спачатку я брала ўдзел у пратэстах, калі пры мне забілі Тарайкоўскага. Я была ў першы дзень пратэста, калі страляць пачалі, і Зайцаву паранілі, якая загінула потым ва Украіне. Была на менскіх вуліцах, дзе людзі пад машыны кідаліся ды ў крыві ўсё было. Калі была самая першая страшная зачыстка. Пасля яе на Акрэсціна было дзікае катаванне.

У 2020-м змяніла 9 канспіратыўных кватэр. З’ехала, разумеючы, што далей падполле, голад, холад альбо турма. Ды дзе хавацца, у вёсцы?

Нават з’язджаючы, на ўсялякі выпадак апранулася, як у турму.

У мяне ж яшчэ ўлетку 2020-га, пасля Акрэсціна, забралі ўсе сім-карткі, нават інтэрнэта ў доме не было. Даслалі аператарам паперку, што Нікалайчык забараняюцца новыя нумары. Карысталася мамінай. 

16 верасня 2015-га. Пікет ў цэнтры Менску

Да 2020-га, за 10 год, у мяне атрымалася 100 арыштаў. Часам па 3-4 у месяц. Было, што сядзелі 3 содні да суда, і праваабаронцы нават не лічылі гэта за тэрмін. А ты можаш памерці на гэтым Акрэсціна проста на раз: там і віч-інфекцыі, і гепатыты, адкрытыя формы сухотаў. 

Арыштоўвалі на вуліцы, ззаду хапалі за рукі, і ўвечары, і ўначы. Зімой з хаты на мароз выцягвалі, тапкі з ног звальваліся.  

Што было самае страшнае за гэтыя 100 арыштаў?

Павел Севярынец і Вольга Нікалайчык 7 чэрвеня, 2020-га на пікеце каля Камароўкі. Дзень затрымання

— Апошняя адсідка, улетку 2020-га. У карцары. Севярынец за сцяной. Месяц трымалі на Акрэсціна.

У карцары захварэла на кавід, нам тады з Севярынцам адключылі ваду: і гарачую, і халодную. Вельмі моцна хварэла, не падымалася. Доктарка казала, што трэба ў шпіталь, але ёй адмовілі.

Вераніка Мішчанка яшчэ з жанчын была, астатнія — мужчыны: Севярынец, Статкевіч, Ціханоўскі, Бабарыка. Нас было дзве, таму і выпусцілі, мужчын — не. Зразумела чаму: я выйшла, Менск ужо закіпаў на ўсю.

Два гады і восем месяцаў, ужо ў Бельгіі, Вольга правяла ў лагеры ўцекачоў. З трыма афрыканкамі ў пакоі.

Два гады чакала дакументы, паўгады не магла зняць жытло. Бо ў Бельгіі 80 тысяч уцекачоў украінцаў, беларусаў — 5 тысяч.

Яшчэ ў 2018-м Вольга атрымала прэмію Францішка Аляхновіча.

— За творы, напісаныя ў турме, за ўсе мае арышты ды адсідкі. Бяляцкі і Някляеў яе ўручалі, але я не даехала, бо мянты сядзелі каля хаты.

Вольга распавядае пра першую музычную адукацыю, і што яе вершы заўсёды ператвараюцца ў спевы. Дык і спявае. Але калісьці абрала не музычную кар’еру, а барацьбу за беларушчыну. Сваякі заўсёды падтрымлівалі.

— Бабуля ведала, што мы з Хашчавацкім фільм пра Лукашэнку зрабілі, бо ён кепскі. Яна ж жыла яшчэ пры Сталіне. Аднойчы за спазненне ў Менск на суботнік (прыбіраць горад пасля бамбавання) яе пасадзілі ў нешта кшталту нашага Акрэсціна. То яна з сярэдзіны мінулага стагоддзя ведала, што такое ваяваць з сістэмай. І бачыла якія людзі вакол мяне, вельмі любіла, калі спявалі. Вольскі прыходзіў з кампаніяй у госці, і на новы год, і на народзіны.

Калі бабуля чула, што я нешта не тое пра Лукашэнку па тэлефоне кажу, то пляскала ў далоні: «Вой, дзіцятка! Маўчы, будзь хітрай».

У 2020-м Вольга стала адной з 30 кандыдатаў пратэста Мікалая Статкевіча. Распавядаючы пра мэты ў стрыме Сяргея Ціханоўскага каля нацыянальнай бібліятэкі.  

— У 2019-м я вылучалася кандыдатам у дэпутаты ад Еўрапейскай Беларусі. Кампанію ладзілі, каб стаяць на вуліцы, збіраць подпісы ды падымаць народ. За мной замацавалі Уручча. Каб гэта вось усё на 2020-ы год спрацавала.

Пабачыла, як ставіліся прадстаўнікі ўлады да жанчын — большы давер і меншы страх. Мяне пазбавілі статуса кандыдата за наш сцяг і лозунгі. Але ж і спрабавалі знайсці агульную мову, калі я пікетавала: «Ольга Александровна, пожалуйста, просим, вовремя освободите место».

Ці вешаю сцяг, а яны акуратна прыбіраюць. Я зноў вешаю — стаяць, паглядаюць.

Выглядала, што жанчын папросту ўсурьёз не ўспрымалі.

— І па-другое, каб вы бачылі, якую сабе прывезла з Вільні на гэтую дэпутацкую кампанію шыкоўную ангельскую сукенку! У гарошак. Модныя абцасы, пінжак чорны, прычоска — выглядала вельмі шляхетна! Выйшла ў поўным узбраенні (смяецца). Прыемная жанчына. Ну, крышку не пад тым сцягам (усміхаецца).

У 2020-м сама Лідзія Ярмошына агучыла, што «Ольге Александровне отказано в мандате кандидата в президенты». Нам амаль усім, 30 кандыдатам пратэста, адмовілі. Але ж нервы Ярмошынай мы пакалашмацілі.

— Ці думалі вы пра тое, як бы на мінулую пяцігодку адрэагаваў Пётр Марцаў?

— Пётр быў сапраўдным гусарам. Любіў жыццё, кахаў жанчын, меў пяць жонак, здароўя яго дзеткам. Ездзіў у госці да Чубайса. Мы толькі чулі, калі Марцаў заязджаў да нас у Маскву паглядзець на здымкі «Звычайнага прэзідэнта»: «Ну ўсё, я да Рыжага…»

Пётр вырашыў укласціся ў «Звычайнага прэзыдэнта», бо ідэя ў той час нібыта лунала у паветры. Фільму ўжо 30 год, і зараз зразумела, што ў ім было закадавана ўсё, што адбылося з намі далей. На жаль, усе, хто меў дачыненне да стужкі, ужо сышлі. Засталіся Хашчавацкі ды я.

Думаю, Пётр, каб пабачыў сёння, як мы руйнуем гэтыя муры, ён бы, па-першае, стаў бы побач, ні секунды б не вагаўся. Улез бы зноў у якісьці небяспечны праект, як ён заўсёды рабіў, кшталту «Звычайнага прэзідэнта». Зрабіў бы сучаснае, моднае, моцнае СМІ ў выгнанні.

Пеця быў амбітны, вельмі таленавіты, з нюхам. З сувязямі ды капейчынай. Думаю, ён актыўна б удзельнічаў у нашых падзеях і упісаўся б ідэальна, як мае быць. Быў бы разам з намі, на першай лініі агню…

А пакуль наша агульная справа ў выгнанні паказаць дулю з-за мяжы.

 Але ж і яны, здаецца, гэта могуць. Улетку 2024-го вы писалі ў фэйсбуку: «Віншую спікерку КР Анжаліку Мельнікаву з абраннем! Прафесійны, працавіты, цікавы, адукаваны і шчыры чалавек. І папросту прыгожая добрая беларуска, маці двух дзетак…» Ведаю, што вы былі з ёй знаёмы і сустракаліся.

— Сустракаліся аднойчы, калі яна з Латушкам і яго дачкой Яначкай прыехалі да нас у Брусэль, на мерапрыемства. Анжаліка не выклікала адчуванне таксічнасці ці напышлівасці. Вельмі сціплая спакойная дзяўчына. Дарэчы ў жыцці яна значна сімпотней, чым на фота. На фота падобна нечым на Вярцінскую, што птіцу Фенікс грала, драпежны погляд. У жыцці даволі далікатны, просты чалавек, здавалася.

Больш знаёмыя былі з Анжалікай праз інтэрнэт. Перапісваліся, працавалі над выбарамі ў КР. Узгаднялі праграмы, ідэі, сваё бачанне, што мы можам зрабіць для Беларусі ў выгнанні.

Яна ж судамі займалася, на Лукашэнку зараз вось крымінальная справа распачынаецца ў Гаазе.

Праблема ў іншым: мы дасюль дакладна не ведаем, што адбылося з Анжалікай, і што з ёй зараз. Нават калі яна паступіла кепска, грошы гэтыя ўзяла… гэта на яе сумленні. У мяне ўсё роўна іншыя ворагі.

У Анжалікі хапала мазгоў не рамантызаваць сітуцыю адпачатку, яна ведала як гэта ўсё небяспечна. Так, у яе амбіцыі і кураж, прыгожая фігура, пафарсіць любіла. Грошы не шкадавала нікому. Ёй падабалася, што можа ўплываць на працэсы. Рамантызма там не было, яна прагматык.

Не пра ідэалы ішла гаворка, а пра тое, каб перамагчы Лукашэнку.

Калі ж разглядаць версію, што Анжаліка выконвала заданне, навошта яе было з гэтага зараз выцягваць? Яны не забілі нашы дземсілы гэтым учынкам…

Можа і не было такой мэты, проста заданне выканала? Дазнацца пра тое, што дэмсілы не хацелі б, каб хто ведаў.

— Калі б яны яе пакінулі, ды яшчэ да Латушкі ў ложак засунулі б, як Мату Хары… І каб яна ўсіх вярцела ды злівала ўсё ў Беларусь, тады зразумела.

Ведаеце, спецслужбы ж моцна насамрэч рыхтуюцца да заданняў. Напрыклад, хлопцы, якія нібыта метро ў 2011-м узарвалі ў Менску, а насамрэч ніякага дачынення да таго выбуху не мелі. Дык у іх кватэрах сілавікі год жылі. Нават пасля таго, як пакаралі смерцю Канавалава з Кавалёвым.

Я падтрымлівала маці аднаго з так званых «тэрарыстаў». Сілавікі жылі ў іх кватэрах, «паслі» родных, каб інфармацыя не прасачылася, што яны дакладна невінаватыя.

А з Мельнікавай што? Ну забрала грошы, не такія ўжо і вялікія. Адно, што адразу хваля пайшла, што ў эміграцыі ўсе «краты». Дык а дзе іх няма?

Ну пісала я ёй свае ідэі, як перайначыць Беларусь на карысць нашай агульнай будучыні. У мяне адчуванне, было і ёсць, што Мельнікава насамрэч не саспела да той пасады ў КР. Таму я трохі, канешне, здзівілася, калі яе абралі.

Але кейс Анжалікі можна расцэньваць як паразу, а можна — як досвед. І яна ж не дурная, то калі ўсё ж такі «крот», то добра разумее, што гвалт скончыцца, і мы вернемся ў Беларусь. Ну ты ж яшчэ не сталая, нават не 57, як Волі Нікалайчык. Трыццаць з нечым. Дык ты ж будзеш за ўсё адказваць. Калі жывая ды ўсё гэта не цырк ды шоў. Яна гэта разумее цудоўна! Што прыйдзецца і хаты вяртаць, і адказваць за маральную ды матэрыяльную здрады.

У 90-я мы так хацелі жыць, так хацелі марыць, былі перспектыўныя… Але Лукашэнка прыплыў да нас. Нічога не зробіш, свой лёс у нацыі. Спасцігае народ сябе, адбываецца уласнае адраджэнне. Вырываецца з гэтага саўка кожны сам, індывідуальна робіць выбар.

Індывідуалізм – гэта вельмі важна ў гэтай сітуацыі. І ў нас атрымліваецца. Мы ўжо паварочваем у свой бок гісторыю.

Надзеі ўсё больш, пасля 2020-га яна не памерла, а трансфармавалася ў іншы фармат. Не хуткі. Жахлівая вайна ў Еўропе, а зараз і на Блізкім Усходзе.

Але на маю думку свет змяняецца ў лепшы бок. Вугоршчына, Арменія, Малдова выпаўзаюць з гэтага саўка. Макрон вакол Ціханоўскай ці не гапака танчыў у Арменіі. Таму ўсё больш надзеі зараз з’яўляецца.

Але ж змяніць гэты імперскі свет — цяжкі шлях. Змяніць сітуацыю, калі мы столькі год былі калоніяй Расеі, няўдалай краіны, карумпаванай і бесчалавечнай. Якая сваіх падданых ператварыла ў нелюдзей у вялікай колькасці.

Але ж у 2020-м беларусы захавалі сваю еўрапейскую будучыню. Нам не трэба вынаходзіць ровар: Беларусь была, ёсць і будзе Еўропай са сваім моцным шляхам. Калі яе кроў перастануць піць карумпаваныя калгасныя пацукі. І будзем жыць нават лепш за Бельгію.

Галоўнае – шанаваць у сабе чалавека, а не людажэра. Шанаваць, што сталі на шляху ў банды. З кветачкамі ў руках. Бо маўчаць было ўжо немагчыма.

Аднойчы Хведар Нюнька, тагачасны кіраўнік віленскай беларускай дыяспары, сказаў мне: «Ведаеш, Вольга, я гатоў есці хлеб з вадой, але быць вольным і жыць у вольнай краіне». І гэта сёння ідэя большасці беларусаў у выгнанні: заставацца свабоднымі і дачакцца свабоды для нашай Беларусі.

gazetaby.com