Беларусы Батумі адзначылі Дзень Волі шэсцем па вуліцах горада і ўрачыстым мітынгам на плошчы Еўропы. Настрою шэсцю надаваў гурт бубначоў.
На святкаванне сабраліся дзясяткі чалавек. Яны неслі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі Украіны і Грузіі, а таксама плакаты «Верым, можам, пераможам!», «Неверагодныя», «Пахне!».
У цэнтры горада, на плошчы Еўропы, вітальныя словы да ўдзельнікаў святкавання дубляваліся па-грузінску. У знак павагі да Грузіі за тое, што яна прытуліла тысячы беларусаў, прагучаў грузінскі дзяржаўны гімн.
З віншавальным словам у відэазапісе выступіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.
Увечары святкаванне працягнецца дваровай вечарынкай у беларускай шматфункцыянальнай прасторы «аКсяродак» і святочным канцэртам.
Напярэдадні Дня Волі, 24 сакавіка, у «аКсяродку» адбыўся святочны квіз «Што ты ведаеш пра БНР».