
Форум “Нацыянальных меншасцяў” з удзелам беларусаў прайшоў 21 траўня ў Сейме Літвы. Гэты форум быў прымеркаваны да Дня нацыянальных меншасцяў, які адзначаецца ў Літве ў гэты дзень. Падчас форуму прайшла дыскусія на тэму прававога рэгулявання і інтэграцыі.
Як зазначае беларускі ўдзельнік форуму – юрыст, кіраўнік установы Грамадзянскі цэнтр “Беларускі вердыкт” Ігар Рынкевіч, сустрэча з прадстаўнікамі літоўскай улады была вельмі карыснай:
– Былі прэзентацыі з боку літоўскіх уладаў: як яны бачаць інтэграцыю меншасцяў, як яны бачаць праблемы нашай болі. З другога боку, мы таксама паспелі, можа не адзіным голасам, адзначыць, што нас цікавіць. Своеасаблівым выклікам, для мяне асабіста, было тое, што літоўскія кіраўнікі казалі, маўляў, датычна беларусаў няма адзінага голасу. Кажуць: нам адзін прыходзіць – тое кажа, іншы – іншае, а трэці – яшчэ нешта.

Таму, як падкрэслівае Ігар Рынкевіч, да беларусаў літоўцы ставяцца другасна, у параўнанні з тымі ж украінскімі і польскімі меншасцямі:
– Беларусы былі прадстаўленыя некаторымі арганізацыямі. Мая арганізацыі Грамадзянскі цэнтр «Беларускі вердыкт» была таксама запрошаная. Там былі калегі з іншых арганізацый – праваабарончых арганізацый і культурніцкіх ініцыятыў. І мы паспелі некаторыя моманты агучыць. Але асноўная рэч – гэта тое, што беларусам трэба кансалідаваць свае намаганні, скаардынаваць нашыя дзеянні, магчыма, нават інстытуцыянальна, і выходзіць напрамую на кантакты з літоўскімі ўладамі.
Сярод прадстаўнікоў літоўскай улады былі – спікер Сейма Літвы Юозас Олекас, міністры ўнутраных спраў, юстыцыі, сацыяльнай абароны і працы, культуры, а таксама прадстаўнікі розных дэпартаментаў, у тым ліку міграцыі.
Акрамя прававых пытанняў, узнімаліся пытанні вывучэння літоўскай мовы, інтэграцыі і сумесных дзеянняў у выпадку надзвычайнай сітуацыі.


