Мітынг да Дня салідарнасці з палітвязнямі ў Вільні

Мітынг да Дня салідарнасці з палітвязнямі прайшоў 21 траўня на Кафедральнай плошчы ў Вільні. Роўна 5 гадоў таму ў гэты дзень у зняволенні быў забіты Вітольд Ашурак – палітвязень, які стаў адным з сімвалаў мужнасці і годнасці беларускай барацьбы. З той пары гэты дзень беларусы пачалі згадваць як Дзень палітвязняў.

Акцыю ў літоўскай сталіцы арганізавала валанцёрская арганізацыя “Дапамога” на чале з Наталляй Калегавай, таксама яны замовілі і банеры, якія размясцілі на прыпынках транспарту, каб распавесці пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі:

– Людзі выйшлі на свабоду, але многія сядзяць. Адбываецца гандаль людзьмі. Мы разумеем. Але ў той самы час мы разумеем, які б не быў ганадаль – людзі павінны выходзіць на свабоду. Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Мы замовілі і ўсталявалі адмысловыя банэры, нам нават далі 60% зніжкі, пра тое, што Беларусь за кратамі і што трэба спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.

На акцыю завітала шмат былых палітзняволеных, якія чыталі свае вершы, распавядалі пра ўмовы зняволення і пра тое, што перш за ўсё зрабілі пасля вызвалення. Сярод іх быў і адзін з прафсаюзных лідараў, былы палітвязень Генадзь Фядыніч, які таксама прадэкламаваў свой верш напісаны да гэтай даты:

– Гэта, па-першае, памяць пра тых, хто зараз знаходзіцца ў турме. Гэта вельмі цяжка перажываць, што людзі зусім незаконна там знаходзяцца. І скажу шчыра, гэты дзень нагадвае ўсім, што трэба гуртавацца, трэба звацца беларусамі, трэба паважаць адзін аднаго і дапамагаць.

Падчас акцыі на плошчы стаяла інсталяцыя ў выглядзе так званых нараў, якая нагадвала пра зняволеных беларусаў, і фотавыстава палітвязняў. Таксама на працягу акцыі была сплеценая маскіровачная сетка для беларускіх вайскоўцаў.

Словы падтрымкі праз гучную сувязь па тэлефоне перадаў беларусам Вільні і былы палітзняволены Максім Знак, які паабяцаў хуткую сустрэчу ў літоўскай сталіцы з беларусамі.

Скончылася акцыя агульным здымкам і сяброўскай гарбатай з прысмакамі.

racyja.com