Вячорка пракаментаваў вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і адказаў тым, хто ўважае іх за правал дэмсілаў

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас ІІІ Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause. Вільня, 21 траўня 2026. Фота: Белсат

У выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання ўзялі ўдзел 2113 чалавек — утрая менш, чым мінулым разам. На фоне крытыкі і размоваў пра крызіс у беларускай апазіцыі «Белсат» пацікавіўся ў Франака Вячоркі, галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай, як ён ацэньвае вынікі галасавання і за каго сам галасаваў на выбарах.

«На фоне рэпрэсіяў і агульнай стомленасці – ці магло быць інакш?»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч назваў правал выбараў сімптомам агульнага крызісу беларускай апазіцыі, а гісторык Алесь Пашкевіч патлумачыў гэта адсутнасцю практычнага сэнсу ад КР. Палітолаг Павел Усаў напісаў, што правал у выбарах – «страта даверу перш за ўсе ў вачах дыяспары, то бок найбольш актыўнай, найбольш мабілізаванай і прабеларускай часткі грамадства».

На думку ж Франака Вячоркі, «добра, што іх правялі, ёсць пераемнасць». Ён адзначае, што шмат новых людзей трапіла ў склад, а прайшлі ажно восем спісаў.

«Кепска, што мала людзей галасавалі, вельмі неспрыяльны час. На фоне рэпрэсіяў і агульнай стомленасці – ці магло быць інакш? Думаю, прадказальна», – кажа ён.

Пацікавіліся ў галоўнага дарадцы Ціханоўскай, за каго ён галасаваў на выбарах, але Вячорка не прызнаўся:

«Не скажу за каго, але са спробы сёмай-дзясятай атрымалася. Мабыць, толькі самыя ўпартыя дайшлі да канца. Калі б мэта была набіць яўку, арганізатары маглі б усё зрабіць значна прасцей, а тут відавочна – стаўка была зробленая на якасць і на бяспеку».

«Трэба больш уключэння грамадзянскай супольнасці»

Тым, хто ўважае, што нізкая яўка на выбары ў Каардынацыйную раду – гэта правал дэмакратычных сілаў або Ціханоўскай, якая падтрымала іх, Вячорка адказвае так:

«Каардынацыйная рада ўсё ж незалежная інстытуцыя, і Офіс ці тым больш Ціханоўская да арганізацыі дачынення не мае. Але наша задача – падтрымліваць дэмакратычны працэс, мы падтрымліваем выбары і ўсе інстытуты, гэта ўсё робіць нас мацнейшымі. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, як кажуць».

Як цяпер быць з Каардынацыйнай радай і ці трэба праводзіць рэформы – дарадца кажа, што вырашаць самой Радзе.

«Мы віншуем усіх, хто прайшоў у склад. Я сапраўды цешуся, што будзе прадстаўленая такая шырокая палітра поглядаў, розныя групы. Я згодны, што патрэбная рэформа, бо людзі не разумеюць функцыяналу, не разумеюць «навошта». Трэба больш уключэння грамадзянскай супольнасці, лепшы сакратарыят. І неяк ажывіць працу: бо апошнія гады супрацы, мне здалося, што КР надта павольная, шмат якія ініцыятывы месяцамі абмяркоўваліся, а дзейнічаць трэба хутка», – патлумачыў ён.

Выбары ў Каардынацыйную раду IV склікання завяршыліся апоўдні 19 траўня. Галоўным вынікам выглядае яўка ў 2113 выбарнікаў – каля 0,03 % ад усіх патэнцыйных выбарнікаў і ўтрая менш, чым на мінулых выбарах. Але гэта не адзіны вынік. Як і на мінулых выбарах, у КР прайшлі восем спісаў.

Глафіра Жук, belsat.eu