Восенню 2026 года плануецца выхад вялікага альбома Алеся Пушкіна

На працягу апошніх двух гадоў пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза працягвалася праца па даследаванні, зборы і сістэматызацыі творчай спадчыны Алесь Пушкін. У межах праекта быў апрацаваны вялікі архіў матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю мастака, а таксама падрыхтаваны выдавецкі макет мастацкага выдання.

Адным з галоўных вынікаў працы стала развіццё і напаўненне старонкі-памяці alespushkin.com. Сёння на сайце прадстаўлена каля 300 твораў Алеся Пушкіна – жывапіс, графіка, перформансы, роспісы, іконапіс, кніжная ілюстрацыя і іншыя працы. У архіўным раздзеле сабраныя інтэрв’ю мастака, даследчыя тэксты, успаміны і матэрыялы пра яго творчасць. Старонка ўжо стала крыніцай і базай для шэрагу беларускіх і замежных публікацый.

Падчас працы значна павялічыўся аб’ём архіва. Удалося сабраць вялікую колькасць невядомых або цяжкадаступных матэрыялаў – прыватныя фотаздымкі, перапіску, аўдыёзапісы, тэлефонныя размовы, сведчанні сучаснікаў, творчыя справаздачы і дакументы. Частка матэрыялаў захоўвалася толькі ў прыватных архівах людзей, якія працавалі з мастаком у розныя гады, частка – была дасланая праз пошту і сацыяльныя сеткі праекта.

Асабліва складаным аказаўся пошук выяў ранніх прац Алеся Пушкіна. Многія з іх захаваліся толькі на старых аматарскіх фотаздымках або нават толькі ў выглядзе згадкі. Асобныя творы, якія знаходзяцца ў Беларусі, дагэтуль не ўдалося атрымаць у якасці, дастатковай для паліграфіі.

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, даследчы калектыў падрыхтаваў альбом творчасці мастака. На больш як 250 вялікафарматных старонках будуць прадстаўлены асноўныя творы і ключавыя аспекты ягонай мастацкай дзейнасці – ад жывапісу і перформансаў да сакральнага мастацтва і грамадскіх акцый.

Прадмову да выдання падрыхтаваў Сяргей Харэўскі. Агляд духоўнай творчасці мастака – роспісаў, іконапісу і сакральнага мастацтва – напісала Эла Дзвінская.

Выхад альбома запланаваны на восень 2026 года.

Калі вы маеце якасныя фотаздымкі прац, арыгінальныя матэрыялы, дакументы або іншыя сведчанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Алеся Пушкіна, калектыў праекта просіць дасылаць іх на электронную пошту: alespushkin@proton.me.

budzma.org